Юбіляр Іван Хомчанка

Гэта цяпер ужо другі – зімовы – мой візіт ва ўтульны дамок Хомчанкаў, узяты зараз у прыемны, казачны палон бялюткім, іскрыстым снегам. І міжволі ўспомніўся той першы, летні, які быў шмат гадоў назад.

Загадзя дамовіўшыся пра сустрэчу, стараюся нягучна адчыніць веснічкі яго двара, аглядаю прысядзібную гаспадарку. Даўно кажуць, што па двару, садзе і агародзе можна беспамылкова меркаваць пра гаспадарлівасць і працавітасць людзей, якія тут жывуць. І калі гэта так, то Івану Ягоравічу і яго жонцы Антаніне Мікалаеўне можна смела паставіць выдатную адзнаку: у кожным куточку іхняй сядзібы пануюць парадак і чысціня. Сярод клубніц, у роўненькіх шнурах дружна ўзышоўшай бульбы не пабачыш ніводнай зялінкі. Радуюць вока маладыя і старэйшыя фруктовыя дрэвы.

– Заходзьце, мы вас чакаем, – з ветлівай усмешкай сустракае ў сенцах гаспадар, за плячыма якога выглядае твар па-ранейшаму прыгожай Антаніны Мікалаеўны.

Абменьваемся навінамі, знаёмімся яшчэ бліжэй, разглядаем фотаздымкі з сямейных альбомаў Хомчанкаў. І ў першую чаргу тыя, што зроблены ў час работы Івана Ягоравіча і Антаніны Мікалаеўны ў Жыткавіцкім будаўніча-мантажным упраўленні меліярацыі. Працавалі яны ў калектыве, які ў тыя, 70-я гады цяпер ужо мінулага дваццатага стагоддзя пад кіраўніцтвам амаль легендарнага Марка Кунько налічваў не адну сотню работнікаў. Жыткавіцкія меліяратары былі першымі як у працы і вытворчых паказчыках, так і ў раённых парадах падчас дзяржаўных святаў, і ў лясных маёўках. Умелі як працаваць, так і адпачываць. Толькі Іван Ягоравіч не адразу абраў меліярацыю…

Яго дзяцінства прайшло ў адной з вёсак Буда-Кашалёўскага раёна. Пасля сярэдняй школы закончыў Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум, быў накіраваны на работу ў Мікашэвіцкі лясгас тады яшчэ Ленінскага раёна Брэсцкай вобласці. Першыя крокі на працоўным шляху пачынаў памочнікам ляснічага Сінкевіцкага лясніцтва. А затым была вайсковая служба ў Таліне ў ваенна-марскіх сілах. Юнак закончыў школу малодшых камандзіраў, быў прызначаны камандзірам узвода разведкі і сувязі.

Пасля дэмабілізацыі ў 1957 годзе Іван Хомчанка працаваў у Людзяневіцкім лясніцтве, завочна вучыўся ў тэхналагічным інстытуце ў Мінску, узначальваў Бялёўскае лясніцтва. Быў ён строгі і патрабавальны да ўсіх і кожнага, а ў першую чаргу да самога сябе. Але разам з тым добры і чалавечны.

Восем гадоў Іван Ягоравіч адпрацаваў сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса «Людзяневічы». Гэта была шчаслівая пара яго жыцця, бо тут ён напаткаў сваю Антаніну, з якой у кастрычніку 1958 года згулялі вяселле. Жылі, дзякуй Богу, дружна, былі ў іх сям’і лад ды згода – вадой не разальеш. Як возьмуцца разам што рабіць – адно трымайся. Затым нарадзіліся дзеці, зараз сын жыве ў Жыткавічах, дачка – у Гомелі.

Пасля Людзяневічаў сям’я Хомчанкаў пераехала ў райцэнтр і 13 гадоў іх жыццё было звязана з работай у Жыткавіцкім БМУ меліярацыі. Іван Ягоравіч пачынаў тут інжынерам па залужэнні, затым працаваў сакратаром парткама. На розных пасадах шчыравала і Антаніна Мікалаеўна.

…Спрадвеку жылі палешукі сярод балот. Не жылі, а выжывалі. Непраходная багна, чарот, асака-разуха, якую, жартуючы, часам параўноўвалі з брытвай, а найчасцей – з назубленым сярпом. Пэўна, нідзе не стрэнеш столькі разнавіднасцей гэтай травы, як тут – на Палессі. Спрадвечнае беззямелле прывучыла палешука пакланяцца ёй гэтак жа нізка, як і дробным каласкам на пясчанай ніўцы. Важкімі ношкамі, папярэдне загарнуўшы ў посцілку, каб не растрэсці па дарозе, валаклі траву згорбленыя плечы з багнішчаў на астраўкі і выдры, бліжэй да дарогі. Затым скідвалі ў копы ці стажкі, каб з першым прымаразкам адвезці дадому. У балотнай твані гінулі коні і каровы, а часам і людзі. Старэйшыя, мудрыя палешукі казалі: «На балоце не спяшайся, калі хочаш дома начаваць…».

Дзікія і хмурыя, але па-свойму прыгожыя і велічныя разлягаліся вакол балоты. Пачыналася вясна, і ўсё вітала яе прыход. І лес, і балота літаральна звінелі ад птушынай гаманы. Жылі тут палешукі, калі прыходзіў час, то клаліся ў гэтую зямлю, пакідаючы нашчадкам у спадчыну сваю бязмежную павагу да роднага краю і шчырае жаданне бачыць яго абноўленым. І нарэшце гэты час прыйшоў. Разгарнуўся шырокі фронт работ па асушэнні палескай дрыгвы. Узброеныя магутнай тэхнікай меліяратары кінулі ў бок багны кліч: «Мы ідзём – сцеражыся, балота!».

Экскаватар заязджаў на загаддзя падрыхтаваны ляжак з таўшчэзнага бярвення, скручанага дротам і збітага магутнымі скобамі. І ўсё ж бурая балотная вада цалкам пакрывала яго шырокія гусеніцы. Ад яго ўдалячынь уздоўж балота беглі два роўненькія рады высокіх тычак, пастаўленых яшчэ зімой. І няцяжка здагадацца, што менавіта тут ляжа магістральны канал. А да яго – і злева, і справа – на пэўнай адлегласці збягаліся зноў-такі роўненькія, як струна, шарэнгі ледзь прыкметных тычак – кірункі будучых каналаў з велізарнай, разумна спланаванай асушальнай сеткі.

Плаўны паварот стралы, і важкі стальны коўш угрызаецца ў балотную твань. Чуваць адно, як натужна раве матор экскаватара ды паскрыпвае стальны трос.

– Затым ішоў карчавальнік, зграбаў у кучы лазу, іншы хмызняк, – успамінае Іван Хомчанка. – Пасля гэтага пускалі трактар з вялікімі плугамі і дыскамі. Першым быў выкапаны Найда-Бялёўскі канал. Механізатары працавалі ў дзве змены, кожны трактар укамплектаваны двума механізатарамі. Заўсёды сваечасова падводзілі вынікі працоўнага саперніцтва. Важкім матэрыяльным стымулам тады быў высокі заробак меліяратара.

На меліяраваных плошчах вакол возе-ра Чырвонае на базе аддзялення саўгаса «Жыткавічы» ў 1974 годзе створаны саўгас «Чырвоны Бор». Новую гаспадарку з плошчай 5600 гектараў узначаліў Марк Кунько. Меліярацыя таксама ўзняла ўраджайнасць сельгаскультур і значна расшырыла пашавыя ўгоддзі ў саўгасах імя Алексяеўскага, «Людзяневічы», у гаспадарках Тураўшчыны.

Жыткавіцкія пакаральнікі раней непраходных багнаў заўсёды высока трымалі сваю прафесійную годнасць. Хаця на меліярацыйным аб’екце капрызы надвор’я асабліва адчувальныя. Амаль што не бывае ніводнага года, калі б пагода спрыяла меліяратарам. Калі не вясной, дык улетку ці ўвосень залівалі дажджы. А зімой маразы не заўсёды скоўвалі балоты, таму разлічваць на палёгку ў пракладцы каналаў не прыходзілася. І тым не менш меліяратары стараліся выконваць планы, паляпшаць, упрыгожваць зямлю. Яркае ўвасабленне таму – Іван Ягоравіч і Антаніна Мікалаеўна Хомчанкі – людзі працавітыя, памяркоўныя, добразычлівыя.

Апошняя, заключная старонка працоўнай біяграфіі нашага героя – яго работа на пасадзе сакратара райкама прафсаюза работнікаў АПК. Пад кіраўніцтвам старшыні райкама Яўгена Алейнікава і ў цесным кантакце з бухгалтарам Надзеяй Кручанковай. Полем іх дзейнасці была ўся Жыткаўшчына, хапала клопатаў як з паперамі, так і жывой работы з кіраўнікамі, спецыялістамі, радавымі працаўнікамі на фермах, у полі, на сенажаці. Пад пастаянным кантролем былі пытанні будаўніцтва і размеркавання жылля ў сельскай мясцовасці, аздараўлення дзяцей. І што характэрна: прыязджаючы ў тую ці іншую гаспадарку, яны стараліся адразу ісці на ферму, у брыгаду, гутарыць з даяркамі, паляводамі, трактарыстамі, камбайнёрамі і толькі потым – да кіраўніка сельгаспрадпрыемства…

Першы дзень новага, 2022 года шчасліва супаў з 90-годдзем з дня нараджэння Івана Ягоравіча – паважанага ў нашым горадзе і раёне чалавека. І ён па-ранейшаму застаецца добрым і простым, шчырым і аптымістычным, са сваёй лагоднай усмешкай. Яго дзецям і ўнукам сапраўды ёсць з каго браць прыклад, ёсць кім ганарыцца.

Сяргей КУЛАКЕВІЧ

Фота  Аляксандра Кіцуры

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.