Ці варта развіваць нашай краіне ядзерную энергетыку?
Святлана Гарбар, г. Жыткавічы:
— Лічу, што на згаданае пытанне народ адказаў на рэферэндуме, калі адобрыў Канстытуцыю. У асноўным дакуменце занатавана адназначна, што Рэспубліка Беларусь развівае атамную энергетыку ў мірных мэтах, захоўвае бяспеку пры вытворчасці і выкарыстанні атамнай энергіі. На маю думку, пакуль так усё і атрымліваецца.
Генадзь Акунец, агр. Сяменча:
— Атамная энергія — гэта падмурак нашай энергетычнай бяспекі. Лепей заўсёды мець сваё, чым купляць у некага. Так, мы зараз выкарыстоўваем розныя віды паліва, у тым ліку і мясцовыя. Разам з тым спажыванне электрычнасці расце, і гэты аспект варта ўлічваць. Глядзіце, што робіцца ў свеце на рынках газу і нафты: суцэльная нестабільнасць і рост цэн.
Леанід Юхневіч, г. Жыткавічы:
— Я добра ведаю, наколькі небяспечнай можа быць сіла атама. Доўгі час праслужыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Таму атамную энергію патрэбна асвойваць надзвычай асцярожна. Што не кажы, а яшчэ не сцерліся з памяці беларусаў наступствы аварыі на ЧАЭС.
Мікалай Рагалевіч, агр. Сяменча:
— Па-мойму ядзернай энергетыцы ў краіне быць. І тут зроблены даволі важны крок – пабудавана першая Беларуская АЭС. Аб’екты такой складанасці найперш сведчаць аб высокім тэхналагічным і навуковым патэнцыяле дзяржавы, што надае ёй большага аўтарытэту ў сусветнай супольнасці.
Сяргей Белка