Дзе подых чуецца сапраўднай даўніны…

Паплылі над Туравам званы,

Абудзілі хвалі Струменю жвіркога,

Дзе яшчэ ўчора груганы

Зграямі сварыліся на Бога…

Мне пашанцавала нарадзіцца тут… Палессе… Прытулак народнай мудрасці. Калыска беларускай культуры. Месца, дзе жыве сапраўдная гісторыя! Тут захоўваюцца і доўжацца традыцыі беларускага народа. Тут шануюць сваіх продкаў, сваю зямлю, сваю памяць.., сапраўдную і чыстую, як вада спрадвечнага Струменю.

Я жыву ў дваццаці пяці кіламетрах ад старажытнага Турава. У маленстве я бывала тут з бацькамі некалькі разоў, прыязджалі да родзічаў. Даводзілася таксама наведваць старажытны горад і ў складзе экскурсійных груп, што арганізоўвала школа. Неаднаразова я гасцявала ў мясцовым краязнаўчым музеі, у музеі на Замкавай гары, ля помніка Кірылу Тураўскаму. Але раней усё было… неяк… не так. Помнік, як помнік, музей, як музей – нічога асаблівага.

Сёлета мне давялося прыехаць у Тураў па запрашэнню сяброўкі. Маршрутнае таксі прывязло мяне ў самы цэнтр горада – на гандлёвую плошчу. Нядзеля – вельмі людна. Выходжу. Першыя крокі па святой зямлі…

Сяброўка яшчэ не падышла. Вырашыла пакуль прагуляцца да Замкавай гары. Падымаюся. Вось музей з рэшткамі храма ХІІ стагоддзя, а вунь – стаіць Кірыла. Трэба пайсці павітацца.

Сонца ўзнялося ўжо высока і паспела нагрэць бронзавую постаць Златавуста Тураўскага, як завуць яго некаторыя знаўцы. Праводжу рукою па цёплай паверхні бронзавых ног… Думкі імкліва змяняюць адна адну…

Я знахожуся зараз у самым сакральным месцы роднай зямлі. Тут пачыналася наша гісторыя. Гісторыя нашых продкаў, гісторыя Палесся, гісторыя Беларусі. Магутны Кірыла з’яўляецца яе немым сведкам! Здаецца, глядзіць ён на нас ды лагодна ўсміхаецца, як уласным дзеткам. Заўсёды гатовы абараніць, прытуліць і аблашчыць.

Раптам прыходзіць разуменне таго, чаго раней не заўважала ці не звяртала ўвагі: усе мы – яго нашчадкі. Адзінае цэлае! Носьбіты той культуры ды духоўных каштоўнасцей, якія тысячу год таму ствараў ён. Мы – насенне на яго полі! Вынік працы, на якую паклаў жыццё!

Лаўлю сябе на адчуванні, што нешта навокал змянілася… незразумела… не відна воку. З’явілася ўпэўненасць у сабе, пачуццё лёгкасці, цеплыні і бяспекі. Адчуванне, што ўсе мы беларусы – адно цэлае! Паветра стала гусцейшым. Цёплы ветрык ужо не псуе старанна зробленую прычоску, а лагодна гладзіць твар, ласкоча бровы, гуляе ў вуснах.

Аглядваю наваколле. Бязмежная радасць агортвае ўсю маю істоту! Зараз бы крылы – паляцела б! Родныя прасторы і краявіды! Гэта аб вас складалі радкі паэты! Гэта з вас пісалі свае творы мастакі!

Зямля мая! Усім сэрцам я з табою! Абдыму твае палеткі і ўлонні, наталю смагу з росных мурагоў тваіх!

Нават галава закружылася. І што гэта на мяне найшло? Сама не ведаю. Напэўна – магія зямлі. Так, зямля тут асаблівая. Як і людзі. Думкі мае змяшчаюцца крыху ў іншы напрамак.

Вось стаю я сабе тут і не ведаю нават, можа, на гэтым самым месцы стаяў некалі і Кірыла Тураўскі? Можа гэтыя макулінкі зямлі захоўваюць памяць аб ім? Напэўна ж, памяць зямлі – вечная. А мы людзі – пакідаем пасля сябе на ёй адбіткі. Хто на некалькі хвілін, прайшоўшыся па мяккім улонні, каб быць змытымі дажджом, а іншы – навечна, як Кірыла. Яго адбіткі засталіся на Тураўскай зямлі на тысячагоддзі! Нават зараз мне здаецца, што тут, у Тураве на Замкавай гары, паветра пахне асабліва. Адчуваецца подых нечага даўняга, спрадвечнага, неабсяжнага, сапраўднага.

Бясспрэчна, за тысячу гадоў Тураў змяняўся да непазнавальнасці неаднойчы. Перажываў ён і голад, і войны, і ліхалецці. Але галоўнага не згубіў – памяці. Вось гэты помнік Кірылу Тураўскаму стаў сёння для мяне сімвалам гістарычнай памяці. Той, якую не змяніць і не замяніць. Проста прыходзіш да помніка, кранаешся яго рукою і разумееш – вось яна – праўда. Не забруджаная паклёпамі ды здзекамі чужынцаў, не перайначаная для нечыяй выгады. Аголеная і непаўторная, як само жыццё.

Вырашыла! Буду прыязджаць сюды часцей, каб набірацца моцы, жыццёвых сіл. Каб як мага часцей прытуляцца да культурных вытокаў.

А Кірыла стаіць сабе ды цешыцца з маіх думак. Як сапраўдны пастыр назірае за наваколлем. Добрае месца падабралі для помніка. Лепш і не прыдумаеш. Для ворага ён магутны і грозны – відаць здалёк, а для мясцовых жыхароў – заступнік. Для многіх Златавуст з’яўляеца сімвалам праваслаўнай веры. Нездарма далучаны да ліку святых.

Наўзабаве праляцеў час. Амаль дзве гадзіны я адпачывала душою каля Тураўскага цуда. Сяброўка ўжо даўно чакае мяне на ўзбярэжжы Струменю, а мне зусім не хочацца пакідаць Замкавую гару. Адсюль усё як на далоні, нават жыццё…

Прыйшоў час развітвацца. Бывай, святы Кірыла. Ты для мяне сёння адкрыўся па-новаму. Ці, можа, я дарасла, каб зразумець цябе… Як бы там ні было, дзякуй! Дзякуй за ўсё! За сённяшні дзень, за незвычайныя і нязвыклыя адчуванні, за сілу, што даў мне. За тое, што дазволіў дакрануцца да тваіх таямніц, асвятліў душу і розум. Ты нават праз столькі стагоддзяў не перастаеш здзіўляць.

Барані гэтае месца і надалей для ўсіх нас. Я веру, што кожны мясцовы жыхар у свой час прыходзіць да цябе, да гэтага сакральнага месца, дзе подых чуецца сапраўднай даўніны…

Праляцелі сівыя стагоддзі

над славутым Туравам.

Нам пакінулі ўспаміны пра магутнасць, пра мінулае.

Засталіся рэшткі з горада, але ў памяці не пакінуты!

Не забытыя! Захаваліся!

Сняжана МЕЛЬЯНКОВА,

вучаніца Коленскага д/с-СШ

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.