Недагляд не ідзе на лад
На вытворчай тэрыторыі ТАА «Жыткавічы мілл» спецыялістам мабільнай групы райвыканкама выявіць недахопы пры выкананні заканадаўства аб ахове працы цяжкасцей не склала. Адразу ўвагу прыцягнулі штабелі бярвення, якія былі складзены з парушэннямі. У згаданай арганізацыі мелі месца ўпушчэнні і на іншых участках.
Што тычыцца лесаматэрыялу, то пад ім не мелася падштабельнай асновы, а таксама адсутнічалі прыстасаванні, якія не дазвалялі б самавольнаму раскочванню кругляку. Асобныя яго экземпляры выступалі за межы куч больш як на паўметра. Дарэчы, у месцах захоўвання і разборкі сыравіны адсутнічаюць і знакі бяспекі, а таксама засцерагальныя надпісы.
Цэх пілення таксама не парадаваў ідэальнай бяспекай. Супрацоўнік РАНС Уладзімір Барысенка выявіў няспраўныя вогнетушыцелі, а галоўны Дзяржаўны інспектар Жыткавіцкага аддзела Гомельскага аблупраўлення Дэпартамента Дзяржінспекцыі працы Юрый Дземідзюк звярнуў увагу адказных спецыялістаў прадпрыемства на цялежку, на якой не было адпаведных надпісаў, а прыступкі лесвіцы ў кабінет начальніка вытворчасці, якія выраблены з прутковай сталі, а інспектар энергагазінспекцыі Мікалай Клімавец – на забруджанасць металічным ломам ахоўнай зоны лініі электраперадачы.
Пытанні ўзніклі і да вадзіцеля пагрузчыка. Ён працаваў без спецвопраткі. Таксама не правялі і перадзменны агляд стану рабочага. Відавочны промах адказных асоб таварыства, але наступствы ён можа мець даволі трагічныя. Як заўважыў Юрый Дземідзюк, менавіта з-за такой неахайнасці спецыялістаў пры арганізацыі бяспечных умоў працы персаналу прывяла да таго, што ў ТАА атрымаў траўму рабочы.
– Безумоўна, убачанае не можа не насцярожваць, – заключае Юрый Канстанцінавіч, – бо ўрок не пайшоў у прок. Спадзяюся, што на месцы больш сур’ёзна аднясуцца да рэкамендацый мабільнай групы, і ў «Жыткавічы мілл» такія пралікі па ахове працы выкараняць. Тым больш, гэты год абвешчаны Годам бяспекі на прадпрыемствах лесаперапрацоўкі.
На жаль, далейшы рэйд мабільнай групы паказаў, каб дабіцца гэтага, патрэбна многа працаваць. Зноў жа ў ТАА «Жыткавічыдрэў» вадзіцель выконваў работу без спецвопраткі і папярэдняга агляду. Звярнуць увагу ў згаданай арганізацыі варта і на санітарны стан тэрыторыі. Ды і ў Жыткавіцкім лясгасе, дзе на вытворчасці за апошнія гады выканана шмат розных мерапрыемстваў, каб палепшыць бяспеку і ахову працы, не абышлося без дробных хібаў. У рамонтнай майстэрні дапускаецца захоўванне пустой тары з пад паліва, тупіковая аглядная канава не абсталявана ўпорамі для колаў транспарту, пры выкарыстанні інструментаў ударнага дзеяння спецыялісты не надзяваюць ахоўныя ачкі. Відавочны недагляд адказных асоб арганізацыі. Але, як кажуць у народзе, недагляд не ідзе на лад.
Сяргей Белка