У гаспадарках раёна распачалася касавіца
У КСУПе «Бялёў» закладка «зялёнкі» ў траншэю пачалася з дванаццатага мая. Для гэтых мэт тут выкарыстоўваюць пасевы свірэпіцы. Іх у гаспадарцы 113 гектараў. Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандра Талмачоўца, культура на сто трох гектарах будзе скошана ў траншэю для сіласавання, на астатніх дзесяці плануюць сабраць насенне.
Асноўная мэта мясцовых працаўнікоў – хутка і якасна выканаць работу па ўборцы свірэпіцы, каб вызваленыя плошчы неадкладна падрыхтаваць пад сяўбу кукурузы. Таму і невыпадкова, што штурвал кормаздабываючага комплексу КГ-6 даверылі спрактыкаванаму механізатару Аляксандру Гаўрылаву (на здымку), які вызначаецца высокім прафесіяналізмам і дбайнымі адносінамі да даручанай справы. Каб высілкі работніка прыносілі добры плён, за ім для перавозкі масы кіраўніцтва замацавала тры адзінкі тэхнікі з не меней стараннымі трактарыстамі і шафёрам. Гэта Генадзь Жогаль, Леанід Чарнагалоў і Максім Юшко. Зладжанасць гэтага невялікага калектыву адразу кідаецца ў вочы на палетку. Толькі напаўняецца адзін кузаў, як «хобат» камбайна падаецца другі. Таму суцэльна жоўтае ад квецені свірэпіцы поле імгненна ператвараецца ў зялёную пожню.
– Галоўнае, каб тэхніка не падвяла, – гаворыць Аляксандр Гаўрылаў. – Хаця і нямала парупіліся, перш чым вывесці яе на палетак, але ж яна адслужыла ўжо не адзін сезон, таму патрабуе пільнага абслугоўвання і ашчадных да сябе адносін. На корманарыхтоўцы важныя тэмпы. Чым хутчэй напоўнім яму, тым якаснейшым будзе корм.
Канечне, пачатак любой кампаніі заўсёды нялёгкі. Але ў бялёўцаў ён не выйшаў камяком. За дзень работы яны ўбралі сем гектараў свірэпіцы, з якіх узялі больш як сто тон масы. Ураджайнасць культуры таксама нядрэнная, больш за сто пяцьдзясят цэнтнераў з гектара.
Так рана да назапашвання кармоў на Жыткаўшчыне, магчыма, прыступілі ўпершыню. Гэтак жа даўно не выкарыстоўвалі для сіласавання свірэпіцу ў чыстым выглядзе. Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Мікалая П’яўко, летась выкарыстоўвалі культуру ў кулісных пасевах, на жаль, чакаемага выніку тады не атрымалі, таму і памянялі тактыку. Як паказвае практыка, яна сябе апраўдала.
– У раёне на сілас пасеяна 650 гектараў свірэпіцы, – расказвае Мікалай Мікалаевіч. – Ва ўсіх пяці сельгаспрадпрыемствах пачалі яе ўборку. У чатырох – не толькі на падкормку статку, але і для закладкі траншэй. За кошт корму з культуры плануем значна ўзбагаціць і збалансаваць рацыёны жывёлы. Для прыгатавання кормасумесей выкарыстоўваюць аж чатыры кампаненты: кукурузны сілас і з алейных культур, таксама сянаж з люцэрны і злакаў.
Як адзначыў кіраўнік аграрнага сектара рэгіёна, такі падыход дазваляе насыціць рацыён прыроднымі бялкамі, вітамінамі, пратэінам, цукрам і іншымі карыснымі рэчывамі, у якіх нашы гаспадаркі заўсёды мелі дэфіцыт. Усё ж буйная рагатая жывёла траваядная і пераварваць тэхнічныя бялкі, якія ў апошнія гады актыўна ўводзіліся ў кормасумесі, для яе надзвычай цяжка. Таму немалая колькасць статка выбывала па прычыне захворванняў. Ды, скажам, шроты, цяпер купіць даволі няпроста і цэны на іх кусаюцца. Таму і шукаюць вяскоўцы выйсце са становішча на ўласных палетках, засяваючы іх такімі раслінамі, як свірэпіца і проса. Працягнецца работа і летам за кошт пажніўных і паўкосных культур. У гаспадарках добра разумеюць, што фермы моцныя полем.
Сяргей Белка