Памяць беражэ чамадан

Незвычайная экскурсія прайшла для выхаванцаў аздараўленчага лагера «Бусляня» Браніслаўскага дзіцячага сада-базавай школы.

Да дзяцей завітаў музейны «Чамадан Памяці». Ён дазволіў акунуцца ў далёкія часы Вялікай Айчыннай. Уявіць паўсядзённае ваеннае жыццё выхаванцы лагера змаглі праз знаёмства з атрыбутамі радавога салдата. Кацялок, фляжка, пілотка, рамень, гімнасцёрка – кожны з прадметаў быў жыццёва неабходны ў ваенны час. А для выхаванцаў лагера стаў крыніцай карыснай інфармацыі.

Цікавую гісторыю распавяла кіраўнік музея аб салдацкай касцы. У гады Вялікай Айчыннай вайны Лысьвенскі металургічны завод (Расія) быў адзіным прадпрыемствам, дзе выпускаліся  салдацкія каскі. Усяго з 1941 па 1945 гады ў Лысьве было выраблена болей за  дзесяць мільёнаў. Колькім абаронцам Айчыны яна выратавала жыцці! Каскі выраблялі  дзяўчаты-школьніцы. Яны ж і правяралі ў спецыяльным ціры на трываласць. Стралялі па касках з вінтовак-трохлінеек. Калі з’яўлялася хоць адна нязначная расколіна, усю партыю адпраўлялі на пераплаўку. Завод забяспечваў каскамі ўсю шматмільённую Савецкую Армію. Гэта вельмі сур’ёзны ўклад у справу Вялікай Перамогі.

Важны атрыбут «Чамадана Памяці» – салдацкая фляжка. Лёгкая, зробленая з алюмінію, іншы раз з ініцыяламі ўладальніка, насілася для зручнасці на рамні. Часта забяспечвалася чахлом, які ў спёку змочвалі для ахалоджвання вадой. Які ж салдат без салдацкага рамня! Гэты прадмет таксама знайшлі выхаванцы  ў чамадане.

Салдацкія лісты з фронту родныя чакалі з надзеяй. Чыталі гэтыя весткі ўсёй вёскай, верылі ў хуткую перамогу, бераглі як самую каштоўную рэліквію. У чамадане ёсць такі ліст. Даслаў яго сваім родным Віктар Дудзіч у 1945 годзе  напярэдадні Дня Перамогі. З радасцю салдат паведамляў сваім матулі і бацьку, што хутка сустрэнуцца. Так і здарылася, калі сын вярнуўся дадому жывы і здаровы. Сям’я доўгі час берагла гэты ліст, а цяпер ён захоўваецца ў «Чамадане Памяці».

Вельмі важная рэч «Чамадана Памяці» – фотаздымкі ветэранаў вайны, іх успаміны. Дзеці асабліва ўважліва слухалі гэтыя ўспаміны. Пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны  вучні даведваюцца  з мастацкіх твораў на ўроках літаратуры. Вывучаюць тэмы вайны на ўроках гісторыі. Глядзяць па тэлебачанні  мастацкія фільмы. Але калі слухаеш успаміны сведкаў тых падзей, то гэта ўспрымаецца  асабліва шчымліва.

Праслухаўшы ўспаміны ветэранаў, выхаванцы выказалі пажаданне наведаць месцы былых партызанскіх баёў, каб аддаць даніну павагі тым, каму  сёння абавязаны мірным небам, шчаслівым дзяцінствам.

Наперадзе дзяцей чакаюць цікавыя вандроўкі па родным краі!

Валянціна Цупік,

кіраўнік  школьнага музея

Браніслаўскага

дзіцячага сада-базавай школы

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.