Юныя футбалісткі Жыткаўшчыны занялі трэцяе месца у спаборніцтве «Скураны мяч»
Прыемнымі эмоцыямі сёлетні сезон па футболу сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч» радуе аматараў Жыткаўшчыны. Прычым, выдатныя вынікі на зялёным газоне паказалі не толькі нашыя хлопчыкі, але і дзяўчынкі.
У абласным этапе саперніцтва юныя футбалісткі 2011-2013 гадоў нараджэння занялі трэцяе месца. І гэта сярод 24 каманд Гомельшчыны. Канечне, шлях на п’едэстал не быў лёгкім. Каб трапіць на яго, спачатку прыйшлося прабіцца ў фінальную частку спаборніцтваў, выйграўшы занальны этап. А там, як вядома, прахадных сапернікаў не бывае. Аб чым сведчыць і склад удзельнікаў. Юным жыткаўчанкам супрацьстаялі дзяўчынкі з Гомельскага і Цэнтральнага абласнога цэнтра раёнаў, а таксама з Мазыра і Жлобіна. Але зямлячкі не спасавалі перад такімі грандамі, таму паказалі выдатны футбол. У двух з чатырох матчаў проста разграмілі гульцоў з Гомельскага раёна і Мазыра з лікам: 10:1 і 7:3. Усяго нашыя спартсменкі забілі дваццаць мячоў, а прапусцілі толькі дзевяць. Такой галявой стабільнасці можна пазайздросціць. Нездарма ж Аліна Знавец, аўтар васьмі галоў, прызнаная лепшым нападаючым турніру. У актыве нашай дружыны адна нічыя і, на жаль, адзін пройгрыш жлобінчанам. Менавіта ён аказаўся ракавым, не дазволіў прабіцца ў рэспубліканскі фінал.
Выдатную самааддачу і тэхнічнае майстэрства на футбольным полі дэманстравалі трынаццаць дзяўчынак, якія ў зборнай прадстаўлялі СШ №2 і 3 райцэнтра, тураўскую №2 і людзяневіцкую школы, а таксама гімназію. Атрымаць медалі з бронзавым адлівам выхаванкам дапамагалі трэнеры Уладзімір Бабарыка і Віталь Ханеня, што неадступна знаходзіліся з юнымі футбалісткамі і не раз давалі карысныя парады падчас матчаў. Такое ўзаемадзеянне і прынесла нядрэнны плён.
Сяргей БЕЛКА