Юрый Ахрамовіч: «Па сілах самыя складаныя задачы»
Юрый Ахрамовіч дарогу свайго жыццёвага лёсу вызначыў даволі немудрагеліста, але ёмка.
Аснова гэтага прынцыпу: работа па душы і надзейны сямейны тыл. Менавіта такая канцэпцыя дазволіла Юрыю Аляксандравічу дабіцца немалых поспехаў.
Разуменню, што нічога ў рукі само не прыходзіць, Юрыя вучылі бацькі. Дарэчы, паважаныя людзі ў нашым раёне, якія зрабілі нямала дзеля яго працвітання. Калі служыў у органах унутраных спраў, мужчына заўсёды кіраваўся карыснай парадай. Пасля выхаду ў адстаўку вырашыў прыкласці свае веды і навыкі ў цывільнай справе. Дзесяць гадоў назад такое жаданне прывяло яго ў Жыткавіцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Там Юрый Аляксандравіч заняў пасаду інжынера па ахове працы.
– Не шкадую што трапіў у гэты калектыў, – гаворыць Юрый Ахрамовіч. – паважлівыя адносіны адзін да аднаго, добразычлівасць, узаемавыручка, прафесіяналізм – гэта няпоўны пералік станоўчых якасцей, якія ўласцівы работнікам ПМС. Таму і вопыту набірацца ў такой атмасферы было надзвычай лёгка. Тым больш і кіраўнік арганізацыі Віктар Палуянаў заўсёды падтрымлівае разумныя ініцыятывы і аказвае ўсебаковую падтрымку пры іх рэалізацыі.
Хутка ў важнай сферы дзейнасці атрымалі і станоўчыя вынікі. Значна павысіліся бяспека работнікаў на вытворчасці і кантроль за захаваннем правілаў аховы працы, стварылі для людзей належныя бытавыя ўмовы, вырашылі іншыя пытанні. І за кожнай справай стаяў Ахрамовіч. Дарэчы, ён не толькі дасведчаны на сваім участку, але і актыўны ў грамадскім жыцці прадпрыемства. Вельмі шмат робіць, каб далучыць работнікаў да здаровага ладу жыцця. У ПМС для гэтых мэт нават абсталявалі ўласную спартыўную залу, дзе цяпер пастаянна праводзяцца спаборніцтвы.
– Канечне, усё адбываецца не без падтрымкі кіраўніцтва, – расказвае Юрый Аляксандравіч, – такое ўзаемадзеянне толькі на карысць, бо дазваляе дабіцца больш цеснага кантакту паміж працаўнікамі, што спрыяе выніковай рабоце на вытворчасці.
Службовая дзейнасць Ахрамовіча не аднойчы заахвочвалася адміні-страцыяй, а яго сумленныя адносіны да працы ставяцца ў прыклад іншым. І тое, што імя спецыяліста занесена на Дошку гонару прадпрыемства, з’яўляецца яшчэ адным пераканаўчым доказам – чалавек на сваім месцы і робіць усё з душою.
Сяргей Белка