Мільёны слоў пакінуць меншы след, чым памяць пра адзін учынак

На што здольна грамадская ініцыятыва

Справы, дастойныя прыкладу, яны робяць ціха, не на паказ. Нядаўна група жыткавіцкіх выпускнікоў пасляваенных гадоў, не дачакаўшыся абяцанай падтрымкі грамадскіх арганізацый, на ўласныя ахвяраванні прывяла ў парадак месца апошняга прытулку свайго настаўніка фізікі, франтавіка Міхаіла Суздалева.

Завадатарам гісторыі стала пенсіянерка Ніна Галавач, якая больш за 30 гадоў выкладала ў школе-інтэрнаце працоўнае навучанне. Неяк сцежка на гарадскіх могілках (ці выпадкова?) прывяла яе да запушчанай, з паўразбуранай плітою магілы вядомага сярод старэйшага пакалення жыткаўчан педагога.

— Не павінна быць, каб забыліся пра паважанага чалавека, — убачаная карціна доўга стаяла ў вачах Ніны Пятроўны. — Расказала сяброўкам і знаёмым, так разам і нарадзілася прапанова: а давайце зробім самі.

Узначаліўшая штаб валанцёраў Соф’я Марголіна ўдакладніла, што на прапанову паўдзельнічаць ва ўзнаўленні месца пахавання не адмовіўся ні адзін з 27 добраахвотнікаў, да якіх звярталіся. Прычым, грошы са сваіх невялікіх пенсій жыткаўчане прыносілі не толькі за сябе, а і за аднакласнікаў, якія жывуць за мяжою. Адзін з узносаў, напрыклад, зрабіла маладая настаўніца, якая і не чула імя ветэрана. Да дабрачыннасці далучыўся нават таксіст Алег Баранаў, што не раз дастаўляў актывістак на могілкі падчас рамонтных работ.

— Чым больш жывеш, — тлумачыць заклік сэрца Соф’я Юр’еўна, — тым ярчэй бачыш мінулае. У нас, пасляваенных дзяцей, на першым месцы была павага да старэйшых. І за тое, што выраслі такімі, удзячны сваім настаўнікам, дастойным ушанавання.

Міхаіла Фёдаравіча вучні ўспамінаюць толькі добрым словам. У памяці Валянціны Ляўковіч фізік паўстае прыгожым мужчынам з густою сівізной у валасах, справядлівым да вучняў. Валянціна Ахрамовіч дадала, што на ўрокі Суздалева хадзілі з задавальненнем, ён умеў добра тлумачыць складаны прадмет. Анатоль Ляўковіч прыгадаў, як на першым уроку Міхаіл Фёдаравіч задаў класу пытанне-загадку: “Каб пераадолець абрынуўшыся на дарогу завал, якія каменні будзеце выносіць першымі?” Дзеці былі аднадушныя: “Канечне, лёгенькія!”. Адказ настаўніка, што спачатку варта рабіць самае цяжкае, стаў для вучня своеасаблівым жыццёвым дэвізам.

Самай старэйшай з суполкі актывістаў 86-гадовай Галіне Варановіч педагог даў мянушку Кармэн. Замест паліто дзяўчынка з небагатай шматдзетнай сям’і насіла ў школу вялікую хустку. Па словах Галіны Васільеўны, настаўніка вызначала акуратнасць і вытрыманасць, ён ніколі не павышаў голас.

— Жонка Міхаіла Фёдаравіча памерла пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці, — жанчына прыгадвае няпросты лёс педагога. — Дачок ён гадаваў сам, для мужчыны, напэўна, то было даволі складана. А яшчэ не любіў распавядаць пра вайну. На просьбы коратка адказваў: “Вам не трэба таго ведаць”.

Але ж яны даведаліся самі, зараз. Інтэрнэт-пошук выдаў, што Міхаіл Суздалеў салдацкую форму апрануў у 1939 годзе. Да пачатку Вялікай Айчыннай тэлефаніст змяніў два артылерыйскія палкі –148-ы і 16-ы. У чэрвені-ліпені 1941 года разам з таварышамі трапіў у так званы Беластоцкі кацёл. Падчас Беластокска-Мінскага сражэння на цэнтральным участку савецка-германскага фронту страты шлі на сотні. Яму пашчасціла выжыць. Лёс быў міласцівым да ветэрана і пасля змены “прафесіі”. З сакавіка 1942 па сакавік 1945 жыткаўчанін служыў сапёрам другой інжынерна-сапёрнай брыгады. З 1946 да 1972 года працаваў настаўнікам фізікі. Памёр на семдзясят другім годзе.

На жаль, інфармацыяй пра нашчадкаў мае субяседніцы не валодаюць. Жанчыны толькі чулі, што пры продажу дома Суздалевых нібыта была дамова пра тое, што новы гаспадар возьме на сябе клопат па догляду за магілай.

У гутарцы ўздельнікі размовы падкрэслівалі, што сваім учынкам не шукаюць нейкай славы, імі кіруе ўласнае сумленне. А на развітанне прызналіся, што знайшлі на могілках яшчэ адзін забыты абеліск, на якім выбіта імя настаўніка, пакінуўшага годны след у жыцці цэлага пакалення жыткаўчан.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.