На парадку — бяспека і кормавытворчасць
Шырокае кола пытанняў жыццядзейнасці рэгіёна разгледжана на чарговым пасяджэнні райвыканкама пад кіраўніцтвам выконваючага абавязкі старшыні раённага выканаўчага камітэта, першага яго намесніка Мікалая П’яўко.
Бяспечны рух
Становішча з бяспекай на дарогах прааналізаваў начальнік аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Ахрамовіч. Па словах дакладчыка, тэма для Жыткаўшчыны надзвычай актуальная і патрабуе пастаяннага кантролю. Найперш гэта звязана з тым, што па нашай тэрыторыі пралягаюць некалькі аўтатрас рэспубліканскага значэння, што накладвае адбітак на абстаноўку. Як заўважыў Аляксандр Аляксандравіч, на магістралях учынена пяць аварый, у якіх загінулі шэсць чалавек. Да трагедый прывялі парушэнні ПДР. За гэты год супрацоўнікі ДАІ выявілі іх тры тысячы, што на пяцьсот болей чым фіксавалася ў папярэднім. Занепакоенасць выклікае і тое, што за руль садзяцца вадзіцелі, якія не маюць пасведчанняў на кіраванне транспартам. зарэгістравана трыста выпадкаў перавышэння хуткасных рэжымаў. Аляксандр Ахрамовіч засяродзіў увагу прысутных і на аспекце, калі службовыя асобы кіравалі транспартам у нецвярозым стане. Такія здарэнні мелі месца ў лясгасе і КСУП “Чырвоны Бор”. Дакладчык выказаў і шэраг прапаноў, якія павінны павысіць бяспеку на дарогах. У прыватнасці, ёсць неабходнасць зрабіць веласіпедныя дарожкі ад Чэрніч да Азяран і ад Марохарава да Дубровы. Патрэбна прывесці да ладу згодна з нарматывамі дарожна-вулічную сетку, абнавіць знакі, прайсці тэхагляды машын і агрэгатаў. Нагадаў начальнік РАУС і аб павышэнні ўвагі да пешаходаў і веласіпедыстаў.
Маладым
усюды дарога
Як рэалізуецца на Жыткаўшчыне маладзёжная палітыка, на пасяджэнні далажыў Сяргей Агіевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Па меркаванні Сяргея Віктаравіча, у рэгіёне створаны і ствараюцца неблагія ўмовы для рэалізацыі творчага, адукацыйнага патэнцыялу, занятасці і працаўладкавання, адпачынку маладых людзей. Дарэчы, іх пражывае ў раёне амаль пяць тысяч, што складае 14 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Асаблівы клопат праяўляецца пра шматдзетныя сем’і. Дзякуючы актыўнаму будаўніцтву, яны маюць магчымасць атрымаць камфортнае жыллё. Забяспечваюцца ім і маладыя спецыялісты, што спрыяе замацаванню кадраў у розных галінах народнагаспадарчага комплексу. Юнакі і дзяўчаты Жыткаўшчыны — людзі з даволі актыўнай грамадскай пазіцыяй. Яны ўдзельнічаюць у самых разнастайных акцыях і мерапрыемствах, скіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця, патрыятычнае выхаванне. Свае здольнасці моладзь дэманструе і на рэспубліканскіх і абласных конкурсах, алімпіядах, адкуль прывозіць прызавыя месцы. Відавочна, што дзякуючы маладому запалу і пастаяннай апецы ўлады юныя жыткаўчане імкнуцца рабіць сваю малую радзіму заможнейшай і квітнеючай.
Тэмпы павялічыць
Як складваюцца справы з назапашваннем кармоў, праінфармавала намеснік начальніка райсельгасхарчу Таццяна Стральчэня. З выступлення Таццяны Канстанцінаўны вынікала, што хаця кормаздабываючай тэхнікі ў гаспадарках і дастаткова, але ж неарганізаванасць на месцах пакуль не спрыяе высокім тэмпам уборкі траў. Так, на 1 ліпеня пад павеці і ў траншэі закладзена толькі 2030 тон сена і 31960 сенажу. На жаль, канстатавала спецыяліст, гэта меней чым летась. На адну ўмоўную галаву назапашана толькі па 4,45 кармавой адзінкі. Крытыцы за слабы ход корманарыхтоўчай кампаніі былі падвергнуты кіраўнікі КСУПаў “Чырвоны Бор”, “Коленскае”, акцыянернага таварыства “Людзяневічы”. Са станоўчага боку адзначана праца на “зялёным жніве” спецыялістаў КСУПа “Бялёў” і сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба. Несумненна, што патрабаванне да аграрыяў выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Мікалай П’яўко вылучыў адно — актыўней брацца за справу на лугах і сенажацях. У ліку пытанняў, якія абмеркавалі на пасяджэнні райвыканкама, і захаванасць жывёлы на грамадскіх фермах, а таксама зніжэнне невытворчага выбыцця. Работу ў гэтым накірунку прааналізавала выконваючы абавязкі начальніка райветстанцыі Ганна Леўкавец.
Сяргей Белка