Тураўскія корманарыхтошчыкі нарошчваюць тэмпы нарыхтоўкі фуражу
У бягучым сезоне працаўнікі акцыягнернага таварыства «Тураўшчына» запланавалі назапасіць 4500 тон сена, 24100 сенажу і 66800 сіласу. Зараз мясцовыя механізатары прыкладваюць намаганні, каб дабіцца намечанага.
Травы першым укосам тут прыбралі аператыўна. Амаль дзве з паловай тысячы гектараў, значная колькасць з якіх занятыя люцэрнай, паклалі ў валкі практычна за месяц. Гэтак жа аператыўна іх і ўбралі. Але большая частка «зялёнкі» трапіла не ў сіласныя траншэі, а на грамадскія фермы на корм жывёле. Таму і нядзіўна, што зараз у сельгаспрадпрыемстве на адну ўмоўную галаву маецца толькі па 3,21 цэнтнеры кармавой адзінкі. Праўда, як засведчыў кіраўнік аддзялення «Верасніца» Юрый Ракавец, справы папраўляюць. І робіцца гэта за кошт аднагадовых культур, якіх патрэбна прыбраць 346 гектараў.
У дзень нашага наведвання акцыянернага таварыства ўборка аўсяна-гарохавай сумесі ішла за аграгарадком Рычоў. Абшырны палетак, прыкладна пад сотню гектараў, дазваляў задзейнічаць моцны механізаваны атрад, які ўкамплектавалі двума кормаздабываючымі комплексамі, касілкай і з дзясяткам вялікагрузных аўтамашын. Апошнім транспартам сельгаспрадпрыемству дапамагаюць па дагавору прыватнікі. Як сцвярджаюць спецыялісты, гэта рабіць вымушае кадравы голад, ды і не так эканамічна накладна. Пры невыкананні тэхналогіі закладкі сенажу, страціш намнога больш.
– Шкада, што дожджык прыпыніў працу, – наракае Юрый Ракавец. – Здрабняем культуры з дапамогай падборшчыкаў, таму не хочацца, каб з-за лішняй вільготнасці ў масу трапіла глеба. Гэта адмоўна адаб’ецца на якасці корму, і ад яго вялікай аддачы не атрымаеш. У цэлым жа аднагодка радуе ўраджайнасцю, таму мяркуем мець з яе не меней васьмі тысяч тон сенажу.
Словы спецыяліста падмацоў-ваюць справамі механізатары.
– Штодня здабываем паўтысячы і болей тон «зялёнкі», – расказвае камбайне Міхаіл Бабарыка. – З сямі раніцы накошваем траву на фермы, а потым робім гэта ў траншэі. Магутныя самасвалы, якія задзейнічаны на адвозцы, не дазваляюць прастойваць. Добра наладжана ў нас і харчаванне, а таксама забеспячэнне халоднымі напіткамі.
Убіўшыся ў працоўную каляіну, тураўскія корманарыхтошчыкі штодня нарошчваюць тэмпы. Цяпер запас травяністага фуражу складае: 808 тон сена і 7778 сенажу. Але ён штодня папаўняецца. І не толькі з палеткаў, але і поймавых лугоў, дзе механізатары вядуць касьбу траў на сена. Адным словам, як кажуць, лета – гэта той час, які год корміць.
Сяргей Белка