Адпачынак на сыходзе лета
Першага жніўня Азяранская школа абудзілася дзіцячымі галасамі. Не, тут не пераблыталі апошні летні месяц з вераснем. Проста свае дзверы расчыніў аздараўленчы лагер.
У яго на тры тыдні залічана 25 хлопчыкаў і дзяўчынак з першага па восьмы клас. Гэта амаль кожны чацвёрты вучань установы. Трэцяя змена сёлета выпала ўпершыню, звычайна ў гэтых сценах вучні бавяць час у чэрвені ці ліпені.
— Рабятам падабаецца такі адпачынак, і бацькі задаволены, што малыя пад кантролем, — пакуль дзесяць малодшых пачаткоўцаў пасля абеду даглядалі ў ложках апошнія сны, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, начальнік лагера Наталля Ярмоліч расказала, як працуе канікулярная пляцоўка. — Кожны дзень напоўнены рознымі справамі. Не забываем пастаянна нагадваць пра правілы бяспекі — у быту, на дарозе, у лесе. Раніцу пачынаем з абавязковай зарадкі, а потым заняткі па інтарэсах. Іх асобна ладзім для малодшай і старэйшай груп.
Акрамя азяранскіх дзяцей, у лагер ходзяць і вучні з пасёлка і вёскі Хваенск, Бечаў ды Чэрніч. Іх дастаўку па ўзгадненні з бацькамі, якія аплочваюць праезд, арганізавалі рэйсавым транспартам, а назад педагогі часта падвозяць і самі. Разам з настаўнікамі на лагеры працуюць і студэнты-практыканты Аляксандр Папок і Крысціна Меляшчэня. За першы тыдзень дзеці паспелі правесці спартыўнае спаборніцтва, заняткі з інспектарам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Фёдарам Дудзічам, паўдзельнічаць у майстар-классе мясцовага цэнтра рамёстваў. А ў праграме яшчэ столькі ўсяго карыснага і цікавага. Напрыклад, з бліжэйшых планаў – наведванне музея прыроды нацпарка “Прыпяцкі”, што ў Тураве.
Старэйшы атрад мы з Наталляй Мікалаеўнай засталі на ўскрайку аграгарадка. Задаволеныя і крышку размораныя сонцам рабяты ў суправаджэнні выхавальнікаў Аляксандра Пашэвіча і Любові Новак вярталіся з лясной прагулкі.
— Я стараюся штогод трапіць у лагер, — усміхаючыся чорнымі ад ягад вуснамі, паведаміла адзінаццацігадовая бячанка Аляксандра Чэчка. — Тут сябры і цікавыя заняткі. Весела і класна.
Сяргей Знавец з вёскі Хваенск, які перайшоў у восьмы класс, таксама не першы раз у лагеры. Аздараўленчую пляцоўку наведваюць і яго малодшыя сёстры — Мілена і Даша.
— Мне таксама ўсё падабаецца, — сцвярждае падлетак, дадаючы, што ў школьнай сталоўцы пякуць найсмачнейшыя блінцы, якія падаюць з павідлам.
Дарэчы, сілы дзеці падмацоўваюць трохразовым харчаваннем. А некаторыя не адмовіліся б, як малышы, і ад ціхага часу. Актыўнасць на свежым паветры замест марнавання часу ў Інтэнэце толькі на карысць растучым арганізмам.
Святлана Шакалян