На Жыткаўшчыне намалочана 7791 тона збожжа
У пару ўборкі каласавых для камбайнераў і вадзіцеляў бадай адзіным імгненнем перадыхнуць з’яўляецца прыём ежы. Менавіта ў такі час і давялося трапіць у КСУП «Коленскае».
Падсілкаваўшы механізатараў гарачымі стравамі, повар сабрала посуд, і ў мужчын выдалася пяць хвілін спакою, каб перавесці дых перад новымі справамі. У прахалодзе невялікага пералеска працаўнікі аказаліся намнога словаахвотлівейшымі, чым за штурваламі камбайнаў. Таму размова атрымалася шчырай і душэўнай. Безумоўна, што яе тэмай стала жніво. Тым больш, калі ведаеш кожнага з мясцовых рупліўцаў. Коленскія камбайнеры – гэта сапраўдныя прафесіяналы, за плячыма якіх не адна кампанія. Станіслаў Козел, Мікалай Дамарад, Леанід Голад, Анатоль Кісляк, Канстанцін Козел, Мікалай Хільман – людзі сялянскай загартоўкі, і ведаюць, наколькі цяжка здабываецца хлеб. Таму і старэнькія камбайны ў іх заўсёды на хаду, і стаўленне да існуючых пытанняў аптымістычнае. Хаця і праскокваюць ноткі горычы, бо не ўсё атрымліваецца так, як хочацца і на што спадзяваліся. А тут яшчэ і надзвычайнае здарэнне ўчынілася, з-за якога ледзь не страцілі частку намалочанага зерня. Абышлося, вобразна кажучы, малой крывёю, але ж настрою такое не прыбаўляе. Праўда, нягледзячы на ўсе неспадзяванасці, работа аж гарыць у натруджаных руках коленскіх земляробаў, бо ўсведамляюць: за іх ніхто пастаўленыя задачы не выканае. Таму і спяшаюцца з першым золкам да сваіх «стэпавых караблёў» і пакідаюць машынны двор познім вечарам, апошнімі.
Сёлета ў гаспадарцы збожжавы клін раскінуўся на 1220 гектарах. Ураджай выспеў на іх значна лепшым, чым у мінулым годзе.
– Летась збіралі на некаторых участках тры-пяць цэнтнераў, – аналізуе сітуацыю кіраўнік паляводчай брыгады №3 сельгаспрадпрыемства Віктар Ахрамовіч, на ўгоддзях якой і вядзецца жніво. – Цяпер жа самыя горшыя аддзячваюць не меней пятнацаццю. Месцамі на загонах і па сорак збіраем. У цэлым жа па гаспадарцы на круг выходзіць больш як 18 цэнтнераў.
Коленскія камбайнеры ўжо абмалацілі 643 гектары, сабраўшы 1163 тоны збажыны. Лепшыя вынікі пакуль у Анатоля Кіслюка і Мікалая Хільмана. Толькі сітуацыя ў любы момант можа памяняцца, бо выйсці наперад па сілах кожнаму механізатару. Дапамагаюць добрай выпрацаўцы і вадзіцелі, якія імгненна падаюць самазвалы пад выгрузку і хутка дастаўляюць зерне на ток.
– За дзень убіраем у сярэднім пад сотню гектараў, – расказвае пра тэмпы жніва Віктар Ахрамовіч. – Але і на якасць абмалоту звяртаем не меншую ўвагу.
Кантралююць апошняе брыгадзір і іншыя спецыялісты сельгаспрадпрыемства па некалькі разоў за дзень, старанна ператрушваючы валкі. Калі пасля такой аперацыі за нейкім камбайнам выяўляюць прасыпаныя зярняты, машыну адразу спыняюць і пачынаюць шукаць уцечку, каб прама ў полі ліквідаваць недахоп.
Высокія тэмпы ў гаспадарцы падтрымліваюць не толькі на жніве, але і на ўборцы саломы. Яна адразу ж прасуецца ў рулоны. З гэтым паспяхова спраўляюцца трактарысты Ігар Шакалян, Валянцін Ярмоліч і Васіль Шакалян. Дарэчы, свае высілкі яны засяроджваюць не толькі на згаданым участку работы, але і на сенакосных угоддзях, дзе прасуюць сена. Справядліва падмечана, што клапаціцца пра кармы для грамадскага статка і пра хлеб аднолькава важна.
Жніво ў «Коленскім» ідзе да свайго лагічнага завяршэння. І варта сказаць, абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў, камбайнеры гаспадаркі не толькі першымі ў раёне завяршаюць важную земляробчую кампанію, але яшчэ і суседзям дапамагаюць справіцца з важнай дзяржаўнай задачай – убраць хлеб.
Сяргей Белка
Что за надзвычайнае здарэнне ўчынілася, з-за якога ледзь не страцілі частку намалочанага зерня.? Нельзя ли подробнее?
Рейтинг комментария:00
Уборочная пора — это время, в которое обеспечивается продовольственная безопасность страны. Поэтому, сейчас, всем работникам, причастным к уборочной, необходимо максимально ответственно подойти к своему делу и сделать все возможное, чтобы хлеб с полей был убран полностью.
Рейтинг комментария:00