Першага верасня значна прыбавіцца выхаванцаў у Людзяневіцкім дзіцячым садзіку
Для самых маленькіх жыхароў аграгарадка тут адкрылі ясельную групу.
Педагогі ўстановы належна падрыхтаваліся да сустрэчы хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта бачна адразу па шыкоўным рамонце ў пакоі, дзе будуць займацца і бавіць час рабяты.
— Раней гэтае памяшканне пуставала, — расказвае, як удалося ператварыць да непазнавальнасці невыкарыстоўваемую плошчу, выконваючая абавязкі загадчыка садзіка Алена Аўдзейчык. — Працавалі і работнікі ўстановы, і бацькі. Прыклалі сіл нямала: сцены выраўнялі і атынкавалі, падлогу нанава пафарбавалі. Мэблю таксама сабралі. Прывялі ў парадак санвузел і мыйку. Тут таксама ўсё абсталявана згодна з існуючымі патрабаваннямі: праклалі каналізацыю, падвялі ваду. Падправілі і ганак. Канечне, без спонсарскай дапамогі і шэфскай ад ААТ «Людзяневічы» не абышлося, але ўсе вельмі радуюцца, што ўдалося ажыццявіць задуманае.
Вось так усім светам за мінімальны тэрмін зрабілі добрую і карысную справу. Таму і кандыдатаў на месцы ў яслях набралі імгненна. З пятнаццаці вакансій запоўнілі трынаццаць. Цяпер бацькі могуць пачуваць спакойна за ўласных нашчадкаў, бо апошнія будуць не толькі дагледжаны, але і атрымаюць пэўныя веды і навыкі для свайго развіцця.
— Мы бяром на сябе ўвесь працэс выхавання, — гаворыць Алена Аўдзейчык. — Цяпер бацькі могуць не турбавацца, на каго пакінуць малых. А ў сельскай мясцовасці гэта вельмі важна, бо акрамя асноўнай працы многія трымаюць гаспадарку, якая таксама клопату патрабуе.
Кіраўнік установы лічыць важным і такі аспект, што з адкрыццём ясельнай групы намнога палепшыцца вучэбна-выхаваўчы працэс. Садзік у Людзяневічах беларускамоўны, таму педагогам ёсць шырокае поле для дзейнасці на ніве тых жа культурных традыцый. У год гістарычнай памяці гэта надзвычай патрэбна. І як выхаваць патрыёта, калі не на роднай матчынай мове.
Яшчэ адзін плюс ва ўстанове таксама не скідваюць з рахункаў. Дзякуючы групе ў садзіку павялічыцца колькасць рабочых месцаў для дарослых. Хаця Людзяневічы і вялікае паселішча, але і тут працаўладкавацца няпроста.
У калектыву Людзяневіцкага дзіцячага садзіка, а сёлета яго будуць наведваць шэсць дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак, прычым не толькі з аграгарадка, але навакольных вёсак, маецца шмат задум і вялікія планы на будучае. Яны скіраваны на развіццё асобы дзіцяці, і ўмацаванне матэрыяльнай базы. І па адным, і па другім накірунках ёсць над чым працаваць. Галоўнае, што работнікі ўстановы адчуваюць надзейнае плячо падтрымкі ад мясцовай улады і тутэйшых жыхароў. Гэта добры знак, каб усё атрымалася выдатна.
Сяргей Белка