У акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” завяршылі жніво
Да мясцовых хлебаробаў з такой нагоды завіталі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый Уладзімір Гулюта і першы сакратар райкама БРСМ Алена Козік, каб павіншаваць тых, хто дабіўся высокіх вытворчых здабыткаў.
Канец уборкі камбайнеры і вадзіцелі гаспадаркі сустрэлі з добрым настроем. Чаму таму не быць. На ніве сабралі высокі ўраджай — разам з рапсам каравай сельгаспрадпрыемства заважыў не меней шаснаццаці тысяч тон. Ды і вынікі працы хлебаробаў унушальныя. Пяць камбайнераў намалацілі больш за дзве тысячы тон, а тры вадзіцелі перавезлі такі ж аб’ём збожжа з поля на ток. Высокія дасягненні маюць Іван Кузьміч, Канстанцін Шкурко, Іван Ракавец, Міхаіл Бабарыка, Віктар Дземідавец, Уладзімір Матарас, Ігар Сяргеевіч, Уладзімір Чарнушэвіч і Мікалай Касач. У гэтым спісе спрактыкаваных хлебаробаў і два маладыя камбайнеры.
— Летась нават да тысячы не дацягнуў, а цяпер больш як дзве дзвесце выдаў з бункера свайго КЗСа-1218, — не хавае ўсмешкі Міхаіл Бабарыка, якому Алена Козік уручыла чарговую ўзнагароду, а намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Арцём Кузьміч падмацаваў ганаровую грамату каштоўным падарункам.
— У нас сёлета кожны камбайнер — тысячнік, — не скупіцца на пахвалу Арцём Іванавіч. — Папрацавалі хлопцы вельмі добра. І клопаты кожнага належна аддзячаны.
Павіншаваўшы механізатараў і вадзіцеляў акцыянернага таварыства Уладзімір Гулюта, які таксама ўручыў граматы ад кіраўніцтва райсавета і аб’яднання прафсаюзаў. У прыватнасці цёплыя словы прывітання, ад прафсаюзнага лідара раёна прымалі Іван Ракавец, Уладзімір Матарас, Канстанцін Шкурко, Уладзімір Чарнушэвіч і Мікалай Касач. Тым самым у чарговы раз тураўскія земляробы паказалі сваё высокае майстэрства і адданасць земляробскай справе.
Жніво завершана, але для мясцовых рупліўцаў усё пачынаецца з пачатку. Наперадзе сяўба азімых, корманарыхтоўка, іншыя клопаты. І кожную работу патрэбна выканаць на тэхналагічным узроўні і з высокай якасцю. Працавітасці ім не займаць, таму і спрыяе кожнаму поспех.
Сяргей Белка