Якія парушэнні выяўляе мабільная група Жыткавіцкага райвыканкама

За восем месяцаў бягучага года мабільнай групай райвыканкама наведаны 118 арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў.

На 136 вытворчых аб’ектах выяўлена 908 парушэнняў па ахове працы, па яе пажарнай  і энергабяспецы, санітарыі і гігіене. Аналіз дзейнасці спецыялістаў згаданага органа сведчыць, што выезды яго патрэбныя і рэкамендацыі ў сферы захоўвання заканадаўства аб ахове працы даволі слушныя і своечасовыя. На жаль, да іх прыслухоўваюцца не ўсюды.

Прыклад таму даволі красамоўны. Сорак дзевяць парушэнняў у арганізацыях і на прадпрыемствах спецыялістамі мабільнай групы выяўлены паўторна. Несумненна, што пры такім раскладзе і да бяды недалёка. Як сведчыць статыстыка, на вытворчасці ў бягучым годзе надарылася пяць нясчасных здарэнняў. Прычым, два са смяротным зыходам. У абодвух выпадках, як паказала расследаванне, вінаватыя самі пацярпелыя, якія пагрэбавалі правіламі тэхнікі бяспекі. З’ява, калі рабочыя і спецыялісты не выконваюць патрабаванні па ахове працы, даволі нярэдкая. Падчас рэйду па мехдвару аддзялення  “Азяраны” акцыянернага таварыства “Тураўшчына” вартаўнік знаходзіўся без спецабутку.  І гэта пры тым, што раней атрымаў траўму. Вывадаў са здарэння, як бачна, мужчына не зрабіў. Шмат нараканняў у арганізацыях і на прадпрыемствах выклікаюць драўляныя лесвіцы, збітыя на скорую руку цвікамі, а таксама станкі без ахоўных кажухоў. Нярэдка забываюць работнікі выключаць з разетак электраінструмент, якім не працуюць. Дарэчы, усё гэта выяўлена ў гаражы  гаспадаркі. Хаця, па словах галоўнага дзяржаўнага інспектара Жыткавіцкага міжраённага аддзела Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Юрыя Дземідзюка, у згаданым структурным падраздзяленні парадку з тэхнікай бяспекі за апошні час пабольшала.

— Калі раней пасля праверкі вытворчых аб’ектаў таварыства выдаваліся рэкамендацыі на ўхіленне больш як двух дзясяткаў парушэнняў, то цяпер іх колькасць значна знізілася, — заўважае Юрый Канстанцінавіч. — Напрыклад, цяпер не пабачыш падкладзеных пад трактары і машыны калодак. Замест іх выкарыстоўваюцца спецыяльныя  казялкі з метала.

Магчыма, у нейкай ступені пасадзейнічалі гэтаму адміністрацыйныя і дысцыплінарныя спагнанні, якія сёлета накладзены на шэраг спецыялістаў гаспадаркі, а таксама пазачарговая праверка ведаў па ахове працы.  Яе прайшлі дзевяць службовых асоб сельгаспрадпрыемства.

Спецыялісты мабільнай групы выявілі хібы не толькі ў ААТ “Тураўшчына”, але і ў тураўскіх СШ №1, на шостым участку КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, у дзіцячай школе мастацтваў. Хай яны і нязначныя, але такая неахайнасць не ўпрыгожвае кіраўнікоў згаданых устаноў. Дарэчы, яны цвёрда запэўнілі, што парушэнні ўхіляць і ў далейшым іх дапускаць не будуць. Карысць ад дзейнасці мабільнай групы не толькі ў прафілактычнай рабоце, але і ў тым, што яе спецыялісты даюць адказным асобам на месцах падрабязныя кансультацыі па самых розных пытаннях аховы працы, тэхнікі пажарнай і электрабяспекі.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.