Песні, якія гучалі ў Запясоччы ў старадаўнія часы, не сціхаюць

Такое стала магчымым дзякуючы мясцоваму творчаму калектыву «Запясочанка», які нядаўна віталі з саракапяцігоддзем са дня заснавання.

Таленавітыя жыхары згаданага паселішча пастаянна займаліся самадзейнасцю, што буйна развівалася ў суседнім Тураве. Так было да 1977 года, калі Запясоцкі клуб ўзначаліла Марыя Нікіценка. Яна актыўна пачала аб’ядноўваць у ансамбль  паляводаў, жывёлаводаў, настаўнікаў, культработнікаў, спецыялістаў гаспадаркі. На рэпетыцыі збіраліся людзі не толькі розных прафесій, але і ўзростаў. Так і ўзнік фальклорны гурт «Запясочанка». Яго ўдзельнікі адразу ўзяліся за адраджэнне тых матываў і абрадаў, што чулі і бачылі ў сваіх сем’ях, якія забыліся  гадамі. Толькі яшчэ жылі людзі, якія добра ўсё памяталі і маглі паказаць узор выканальніцкага майстэрства. Канечне, не ўсё атрымлівалася, але вясковыя артысты вельмі любілі народную песню, таму не адступаліся ад сваіх задум. І поспех прыйшоў. Шмат калектыў гастралюе па суседніх населеных пунктах, удзельнічае ў конкурсах і фестывалях.

У 1998 годзе кіраўніком «Запясочанкі» стала вялікая аматарка і знаўца вясковага фальклору Марыя Лузай. Дзякуючы гэтай жанчыне быў працягнуты этнаграфічны накірунак. Мноства мясцовых абрадаў і песняў вярнулі спевакі. У іх стала традыцыяй да кожнага народнага свята рыхтаваць новую праграму з улікам сваіх традыцый. І гэта не застаецца незаўважаным не толькі ў раёне, але і рэспубліцы. Фальклорны гурт «Запясочанка» добра вядомы беларускаму тэлегледачу. У 1989 годзе запясоцкія артысты з поспехам выступілі ў Мінскай кансерваторыі. У гэтым жа годзе абласное тэлебачанне  на аснове іх творчасці здымае праграму «Аднойчы Калядным вечарком». Праз два гады зноў запісы на тэлебачанні «Шануйце песні свае» і «З глыбінь жыватворных». У 1992-ім ужо рэспубліканскі тэлеканал паказвае «Калядныя  вячоркі» з удзелам самадзейнага калектыву з Запясочча. Прадставілі яны айчыннаму тэлегледачу і абноўлены абрад «Пярэзвы».

На юбілейным мерапрыемстве з нагоды заснавання ансамбля належную ўвагу ўдзялілі не толькі  калектыву,які ўзнагародзілі Падзячным лістом Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці і Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, але і старэйшых вакалістак Валянціну Кіб і Наталлю Малочка. Прымалі імяніннікі пажаданні і віншаваннні ад кіраўніцтва Верасніцкага сельскага выканаўчага камітэта.

Сённяшні склад «Запясочанкі» – гэта маладосць, энргічнасць, весялосць. Усё якасці ўдзельніц знітаваны вялікай любоўю да матулінай песні. Амаладжэнне калектыву толькі пайшло яму на карысць. Пашанцавала ансамблю і з кіраўніком. Галіна Клаўшына такі ж адданы чалавек творчай скарбніцы продкаў, імкнецца данесці да цяперашняга пакалення як мага больш яе багацця. І гэтая невычэрпная крыніца з кожным разам напаўняецца і бруіцца новымі канцэртнымі праграмамі. У чым пераканаліся гледачы і госці на ўрачыстасці. Салісты «Запясочанкі» адорвалі ўласнымі творчымі набыткамі землякоў бесперапынна. Іх пачын падтрымалі і сямейны ансамбль «Абібок», а таксама фальклорна-этгнаграфічны гурт «Лянок» з Буразей. Песенны марафон доўжыўся да позняга вечара. Дарэчы, яго арганізатарам стала  аб’яднанне аматараў народнай творчасці «Вечарына». Менавіта згаданая структура імкнецца зрабіць усё, каб на культурнай ніве раёна калектывы і творцы заўсёды мелі багаты ўраджай з нематэрыяльных набыткаў нашых прашчураў, дзяліліся шчодра гэтымі каштоўнасцямі.

Сяргей БЕЛКА

Фота Алёны Валюшыцкай

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.