Што вас парадавала, спыталі жыткаўчан
Станоўчыя эмоцыі для чалавека з’яўляюцца такой жа неабходнасцю як ежа, адзенне, праца. Якія падзеі ўзнялі настрой нашых жыхароў за апошні час?
Галіна Жук:
— Для мяне найбольшая радасць, напэўна, што нарэшце скончыліся працяглыя дажджы і засвяціла сонейка. Цяпер магу спакойна прыбраць надзел на дачы, дазбіраць вырашчаны там ураджай. Дарэчы, ён сёлета даволі багаты, што таксама надае цудоўнага настрою, бо не прапалі твае высілкі, якія прыкладвала летам. Вось і зараз спяшаюся на лецішча, каб у ахвоту папрацаваць.
Іван Гром:
— Станоўчыя эмоцыя атрымліваю з розных крыніц. З вялікім задавальненнем успрымаю любыя поспехі, што дасягаюцца нашай краінай, маёй Жыткаўшчынай. А іх за апошні час нямала — і гэта надае жыццёвых сіл. Што ні кажы, столькі розных заган у свеце дзеецца зараз, таму трэба атрымліваць пазітыўную энергію ад самых нязначных дробязяў, якія прыносяць табе асалоду.
Галіна Нямчэня:
— Ведаеце, я нават не задумвалася над такім пытаннем. Здаецца, што ўсё ў маім жыцці ідзе сваёй чаргою. Можа, і былі нейкія падзеі, але я не памятаю. Жыццё такое хуткацечнае і так імкліва мяняецца, што не зважаеш на ўласны эмацыянальны стан. Буду спадзявацца, што пазітыўных хвілін яшчэ прычакаю нямала.
Любоў Трафімовіч:
— Прыемныя хвіліны апошніх дзён неразрыўна звязаны з нашым прафесійным святам — Днём работнікаў культуры. Напярэдадні яго калегі для ўсіх спецыялістаў галіны зладзілі цудоўны канцэрт, ад якога засталася вялікая асалода. Канечне ж, і само свята дадасць станоўчых эмоцый, бо яно — сведчанне нашай неабходнасці грамадству.
Сяргей Белка