Сняжану Полаўцаву праца не расчаравала

Для Сняжаны Полаўцавай шлях у прафесію быў няпростым.  Але яна знайшла спецыяльнасць, да якой ляжыць душа.

Дзяўчыну хацелі бачыць ў розных спецыяльнасцях. Маці – культработнік, таму чакала ад дочкі, што і тая пойдзе па яе слядах. Але Сняжана пасля заканчэння Грэбеньскай дзевяцігодкі падалася ў педагогі. Правучыўшыся ў каледжы два тыдні, зразумела, што вучыць дзяцей не для яе. Пакінула ўстанову і вярнулася ў школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. Неблагі атэстат адкрываў перад Сняжанай Валер’еўнай нямала перспектыў, але яна абрала для паступлення Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, стаўшы першакурсніцай юрыдычнага факультэта. Гады вучобы праляцелі імкліва і Полаўцава з дыпломам прыбыла ў раён, дзе працаўладкавалася юрысконсультам у акцыянернае таварыства «Людзяневічы».

– У гэтай гаспадарцы праходзіла практыку, – расказвае пра выбар Сняжана. – Таму калектыў знаёмы, прынялі цёпла, дапамагаюць ва ўсім. Ды і бліжэй да роднай Рудні хацелася знайсці работу. Таму вельмі задаволеная, што так усё атрымалася.

Сняжана Валер’еўна адказвае не толькі за юрыдычны напрамак у дзейнасці сельгаспрадпрыемства. Яна яшчэ і інспектар па кадрах. Але і гэтая дадатковая пасада дазваляе набірацца вопыту.

– Спраў нямала, але пакуль спраўляюся, –распавядае малады спецыяліст. – Ужо нават адчула, што такое сялянская справа і які гэта нялёгкі хлеб. І на таку падчас жніва ноччу дзяжурыла, і на запраўцы зрання ажыццяўляла кантроль за выдачай паліва, і на кірмашы давялося пагандляваць. Адным словам, у гаспадарцы, дзе рабочых рук не хапае, вучышся ўсяму хутка.

Кіраўніцтва акцыянернага таварыства прыхільна ставіцца да маладых спецыялістаў. Адразу пасля прыбыцця на працу Сняжана атрымала жыллё. Няхай і не зусім камфортнае, але, як гаворыць дзяўчына, ёй ураджэнцы з вёскі да такіх нязручнасцей не прывыкаць.

– Канечне, шмат часу забіраюць службовыя абавязкі, але і пра адпачынак не забываюся. Людзяневічы – аграгарадок з даволі шырокай інфраструктурай, таму ёсць куды падацца. Хаця гэта адбываецца даволі рэдка, больш імкнуся бываць дома, ды малую радзіму адведаць, – дзеліцца ўражаннямі ад новага самастойнага жыцця Полаўцава. – Галоўнае, што калектыў добры, і такая абстаноўка спрыяе прафесійнаму сталенню.

Сняжана Валер’еўна не толькі практычна асвойвае тонкасці абранай спецыяльнасці. Яна працягвае вучобу на юрыдычным факультэце Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Гэта таксама сведчыць, што чалавек не памыліўся ў выбары спецыяльнасці і імкнецца дабіцца ў ёй самых высокіх вяршынь.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.