У калектывах рэгіёна працягваецца абмеркаванне падпісанага кіраўніком дзяржавы ўказу аб Усебеларускім народным сходзе
З супрацоўнікамі Жыткавіцкай цэнтральнай бальніцы на гэтую тэму гутарыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый Уладзімір Гулюта.
Лідар прафесійнага саюза падрабязна спыніўся на асноўных момантах фарміравання народнага веча, яго месцы ў сістэме кіравання краіны, паўнамоцтвах. Як адзначыў Уладзімір Мікалаевіч, гэта новая форма народаўладдзя, карані цягнуцца з далёкай старажытнасці. І на сучасным этапе такая форма набывае новае гучанне і значымасць, бо дазваляе прымаць важныя рашэнні практычна кожнаму члену грамадства. Дарэчы, у тым многія пераканаліся, бо на шасці Усебеларускіх сходах, якія праходзілі раз у пяцігодку, у найноўшы перыяд нашай гісторыі па сутнасці прымаліся лёсавызначальныя дакументы і праграмы для Беларусі. І прапанаваны парадак фарміравання будзе яшчэ больш спрыяць такой рабоце.
У склад народнага сходу будуць дэлегіраваны не толькі прадстаўнікі органаў выканаўчай і судовай уладаў, але і дэпутаты ўсіх узроўняў, а таксама і грамадзянскай супольнасці. Адным словам, усе тыя, каму і сёння давяраюць беларусы, якім у лютым 2024 года давядзецца выбіраць дэпутацкі корпус краіны.
Вялікая ўвага да Усебеларускага народнага сходу, як адзначыў Уладзімір Гулюта, выклікана і тым, што артыкул аб ім ўнесены ў новую рэдакцыю Канстытуцыі, якую нядаўна жыхары краіны адобрылі на рэферэндуме. Зразумела, што і чакаюць ад дзейнасці такога органа народаўладдзя, а збірацца на паседжанні ён будзе штогод, беларусы толькі станоўчых рашэнняў, якія будуць накіраваны толькі на росквіт Айчыны і паляпшэнне дабрабыту яе насельніцтва.
Уладзімір Гулюта заўважыў, што прафсаюзы падтрымліваюць такое важнае пачынанне і акажуць самае актыўнае садзейнічанне.
Прафсаюзны лідар адказаў і на пытанні, якія ўзніклі ў аудыторыі.