Хапае клопатаў у гэтыя дні ў машыністаў збожжатака ААТ «Тураўшчына»

Зараз яны даводзяць да ладу кукурузу.

– Канечне, рабіць гэта намнога прасцей, – расказвае самы вопытны з працаўнікоў сушыльнага комплексу Фёдар Арцюховіч, які шчыруе тут адзінаццаць сезонаў. – Аб’ёмы не тыя, што летам, калі за суткі дастаўлялася па тысячы і болей тон зерня. Але і гэтая культура патрабуе адмысловага падыходу, бо яе вільготнасць даволі высокая.

Сапраўды, пашчыраваць разам з калегамі Сяргеем Булдаковым і Пятром Масла Фёдару Іванавічу давялося нямала. Шаснаццаць тысяч тон збажыны і рапсу дапрацавалі, каб адправіць прадукцыю палёў у сховішчы і ў лік дзяржзаказу. Яшчэ амаль сямсот тон ураджаю кукурузы прайшло праз сушылку. Але гэта не канчатковы вынік, бо ўборка каралевы палёў працягваецца.

Пакуль чакалі чарговую машыны з зернем, разгаварыліся пра працоўныя будні. Аператары згадвалі пра дні жніва. Асабліва перыяд, калі пачала паступаць пшаніца.

– Клопатная збажына. Кожныя пятнаццаць хвілін даводзіцца правяраць вільготнасць, каб не перасушыць і выдаць з бункера прадукт патрэбных кандыцый, – кажуць рабочыя. – Але ж справіліся.

У іх розны стаж. Праўда, камандны дух дамапагае вырашаць самыя скаданыя задачы. Пасля асноўнай дзейнасці, сушкі зерня, разам возьмуцца за падрыхтоўку тока да новага сезону. Прыбяруць яго, пачысцяць, адрамантуюць вузлы і агрэгаты.

Аператары і сёлета сталі лепшымі ў абласным саперніцтве сярод машыністаў зернесушыльных комплексаў. Фёдар Арцюховіч, які ўжо не раз прадстаўляў калектыў на «Дажынках», дзеліцца з калегамі ўражаннем – гэта вельмі ганарова і пачэсна.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.