…А тэлевізар арыштуем

Як спаганяюць даўгі судовыя выканальнікі

Праз завінавачанасць па розных штрафах, крэдытах і іншых плацяжах сёлета дзевяць жыхароў раёна абмежаваны ў праве кіравання аўтамабілем, ці, прасцей кажучы, ім забаранілі садзіцца за руль, пакуль не выканаюць свае фінансавыя абавязацельствы.

Гэты спіс могуць папоўніць яшчэ некалькі прэтэндэнтаў, з якімі журналіст пазнаёміўся падчас рэйду з судовым выканальнікам Вольгай Бек і старшым інспектарам па адміністрацыйнай практыцы аддзела ДАІ РАУС Аляксеем Ярмоленкам.

Рухаемся на жыткавіцкую вуліцу Міра да даўжнікоў, якія па большасці прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Першая хата сустракае замком на дзвярах, але, забягаючы наперад, адзначым, што з гаспадаром у той дзень усё ж пабачыліся. Не паспела машына даехаць да апошніх дамоў, як ён знайшоў нас сам. Для судовых выканальнікаў падобны выпадак вельмі рэдкі. Звычайна тыя літаральна палююць за такімі грамадзянамі не месяц і не два. Усё хутка высветлілася – чалавеку далажылі суседзі, у якіх мы пабывалі напярэдадні, што таму пагражае хутка стаць пешаходам. Вось і прыйшоў, так бы мовіць, здавацца і дамаўляцца. У маладога мужчыны па дзесяці справах назбіралася звыш дзвюх тысяч рублёў нявыплачаных даўгоў. Паабяцаў сёння ж унесці чацвёртую частку, а ў наступным месяцы разлічыцца поўнасцю, матывуючы тым, што легкавік для яго – сродак не столькі перасоўвання, колькі заробку.

– Два спыненні без праў – адміністрацыйнае пакаранне, пасля трэцяга ўзбуджаецца крымінальная справа, – на развітанне папярэджвае чалавека Аляксей Ярмоленка.

«Крэдытная» гісторыя гэтай жанчыны складаецца з двух эпізодаў. Летам на прыродзе ды пад піва за канфлікт з прадстаўніком міліцыі «зарабіла» звыш 700 рублёў. Другое пакаранне накладзена з прычыны невыкарыстання флікера на дарозе ў цёмны час.

– Для дабравольнай аплаты штрафу даецца месяц, – тлумачыць Вольга Бек, – пасля чаго да суммы плюсуецца дзве базавыя за пратэрміноўку, а пасля перадачы дакумента судовым выканальнікам – яшчэ паўбазавай прымусовага збору. Так, за адсутнасць светлаадбівальніка сумма павялічваецца з 16-ці да 72-х рублёў.

Гаспадыня жытла завярае, што гатова разлічвацца часткамі, нядаўна знайшла працу па дагавору, значыць, будуць грошы. Тым часам выканальнік апісвае маёмасць, якая падлягае арышту ў лік спагнання завінавачанага. Больш-меншую каштоўнасць тут прадстаўляюць тэлевізар і мікрахвалевая печ.

– Не пазбаўляйце яго правоў, – жалобнымі просьбамі сустрэлі нас у наступным доме, дзе галава сям’і назапасіў доўг у паўтары тысячы рублёў. – Ён прыедзе з заробкаў і ўсё аддасць, мы яму вечарам самі пазвонім…

Між тым, з падобнымі абяцанкамі сустрэліся і па другіх наведаных адрасах. А мае спадарожнікі ў сілу прафесіі чуюць іх ледзьве не штодня. Уласна здзівіла іншае – як бяздумна людзі трапляюць на штрафы і пры гэтым завінавачанасць іх мала турбуе. Але тое ўжо зусім іншая гісторыя.

Святлана Шакалян 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.