Як аграрыі Жыткавіцкага раёна рыхтуюць тэхніку да сяўбы?

Для вяскоўцаў настала пара, калі цяжар іх клопатаў з палеткаў перамясціўся на машынныя двары. Менавіта там цяпер закладваецца падмурак, каб паспяхова праводзіць будучыя сельскагаспадарчыя кампаніі. Пра тое, як аграрыі раёна рыхтуюць да іх тэхніку, расказвае  выконваючы абавязкі начальніка райсельгасхарчу Міхаіл Кузьміч.

 

— Міхаіл Васільевіч, кожны рамонтны сезон распачынаецца з пастаноўкі тэхнікі на захоўванне. Наколькі паспяхова справіліся ў сельгаспрадпрыемствах з такой задачай?

— Адметнай рысай захоўвання тэхнікі бягучай зімой з’яўляецца пастанова, каб  збожжаўборачныя і кормаздабываючыя машыны знаходзіліся пад навесамі або ў ангарах.  Паўсюдна ў гаспадарках з гэтым справіліся. Там жа, дзе з размяшчэннем камбайнаў узнікалі праблемы, скарысталіся магчымасцямі  Жыткавіцкага райагратэхсервіса. Напрыклад, пад дахамі арганізацыі знайшлося месца уборачным агрэгатам  з КСУПа «Чырвоны Бор».

Увогуле, калі аналізаваць увесь працэс пастаноўкі тэхнікі, то, хаця ён і завершаны, але ж без сучка і задзірынкі не прайшоў. Меліся выпадкі, калі на месцах марудзілі, неякасна ачышчалі рабочыя органы, несвоечасова іх падфарбоўвалі, забяспечвалі ахову ад карозіі, ставілі не на спецыяльныя казялкі, а на звычайныя калодкі і іншыя. Безумоўна, на ўсе хібы ўказвалася і яны выпраўляліся. Заўважу, што тэхніка сёння каштуе нятанна і да яе  ў гаспадарках павінны адносіцца надзвычай беражліва.

— На чым у гэтыя дні сканцэнтраваны высілкі рамонтнікаў?

— Найперш у сельгасарганізацыях ажыццяўляецца разборка няспраўных машын і агрэгатаў, дэфектоўка вузлоў і дэталяў. Гэта робіцца, каб дакладна вызначыць аб’ёмы рамонтаў і запчастак, а таксама колькасць фінансаў.  Працэс разборкі і дэфектоўкі паказвае, што парупіцца да вясны над тэхнікай вяскоўцам давядзецца нямала.

— Якія ж планы?

— За бягучы сезон у сельгасарганізацыях неабходна паставіць на лінейку гатоўнасці 78 трактароў, з якіх 16 – энерганасычаных, 14 зернеўборачных камбайнаў, 12 кормараздатчыкаў, 13 плугоў, 10 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 11 пасяўных, 12 дыскатараў, 6 кукурузных сеялак, 18 раскідвальнікаў мінеральных і арганічных угнаенняў, тры РАСы і чатыры апырсквальнікі і іншыя машыны. Прыведзеная колькасць тэхнікі на 95 працэнтаў павінна быць падрыхтавана да 1 сакавіка.

— Відавочна, што справіцца з намечанай задачай без належнай матэрыяльнай базы і спрактыкаваных спецыялістаў будзе даволі складана.

— Практычна ў кожнай гаспадарцы маюцца рамонтныя майстэрні. Важна, каб у іх стварылі належныя ўмовы – было цяпло, меліся рукамыйнікі з гарачай вадой.  У шэрагу арганізацый з гэтым праблемы. У прыватнасці, у КСУПе «Чырвоны Бор», ААТ «Людзяневічы» ў месцах аднаўлення тэхнікі неабходна ўстанавіць печкі або купіць цеплагенератары. Хацелася, каб і на вырашэнне пытанняў аховы працы і тэхнікі бяспекі мясцовае кіраўніцтва і спецыялісты звярнулі таксама пільную ўвагу.

Што тычыцца рамонтных звенняў, то яны ў кожнай гаспадарцы ўжо сфарміраваны. Іх састаў будзе замацаваны  загадамі. Імі ж адрэгулююцца і пытанні аплаты. Безумоўна, будзем практыкаваць, калі самі механізатары прымуць удзел у падрыхтоўцы машын і агрэгатаў, на якіх выйдуць у поле. Гэта вельмі важны аспект, бо намнога павышае якасць рамонту.

— Практыка апошніх гадоў паказвае, што марудлівасць з падрыхтоўкай тэхнікі ў раёне ў значнай ступені ўзнікае не ад арганізацыйных момантаў, а з-за адсутнасці фінансаў ў аграрыяў на закуп  запчастак.

— Так, гэта наш  пастаянны галаўны боль. Вось і сёлета пакуль яшчэ не выдзелена ні аднаго рубля. Хаця патрабуецца амаль мільён. Праўда, крыніцы фінансавання работ ужо вызначаны. Гэта сродкі, у першую чаргу, ад продажу малака і мяса. Спадзяемся і на падтрымку дзяржавы.

— Яшчэ адным вызначальным момантам паспяховага правядзення рамонтаў тэхнікі з’яўляецца прыцягненне да дзейнасці прадпрыемстваў-партнёраў. Як шырока будзе практыкавацца гэта падчас цяперашняга сезону?

— Асноўнай базай па ўзнаўленню тэхнікі ў нас з’яўляецца ААТ «Жыткавіцкі агратэхсервіс». Яго магчымасці задзейнічаем на поўную сілу. На жаль, у нас маюцца гаспадаркі вельмі слабыя, якія не змогуць належна падрыхтавацца да пасяўной. Напрыклад, КСУП «Чырвоны Бор». Таму праз майстэрню агратэхсервіса плануем «прапусціць» практычна ўсе адзінкі машын гэтага сельгаспрадпрыемства. Ёсць і арганізацыі, тое ж ААТ «Тураўшчына», у якіх шмат тэхнікі, аб’ём працы па яе ўзнаўленню таксама ўнушальны. І ў гэтай сітуацыі без партнёраў не абысціся. За рамонтны перыяд плануем, што на пляцоўках агратэхсервіса паставім на лінейку не меней трох дзясяткаў адзінак трактароў і машын самага рознага прызначэння. Ужо зараз там знаходзіцца іх больш як з дзясятак. Задачы перад аграрыямі пастаўлены, цяпер справа за імі. Важна грунтоўна правесці ўсе работы, каб выйсці ў поле падрыхтаванымі.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.