Гомельская вобласць упаўне здольная накрыць святочны стол са сваіх прадуктаў
Да ўласнага юбілею наша вобласць упаўне здольная накрыць святочны стол са сваіх прадуктаў, у тым ліку з жыткавіцкага краю.
Каўбасы і іншыя вырабы са свініны, кураціны ці ялавічыны маглі б паставіць Гомельскі, Калінкавіцкі, Жлобінскі мяса-камбінаты, не лічачы мноства прыватных вытворцаў і фермерскіх гаспадарак. Гарошак на аліўе патрыятычна прапануем тураўскі, хаця яго яшчэ вырабляюць у Ельску і Гомельскім раёне. Кукуруза таксама нашая. Як і мацарэла ды іншыя дэлікатэсныя сыры. У аматараў малочных прадуктаў – выбар ад некалькіх гомельскіх перапрацоўчых прадпрыемстваў да рэгіянальных у Калінкавічах, Мазыры, Акцябрскім, Рагачове. Курыныя яйкі выпускаюць чатыры вытворцы – у Гомелі і раёне, Буда-Кашалёве, Светлагорску. Шчупак ці таўсталобік водзяцца ў сажалках нашага “Белага” і рыбгаса “Трэмля” на Петрыкаўшчыне.
Застаецца паставіць на стол алкагольныя напоі гомельскага і мазырскага разліву. А на дэсэрт падаць любімыя цукеркі са “Спартака”, легендарную рагачоўскую згушчонку і натуральны зефір з Нароўлі.
Смачна есці!
Святлана Шакалян