Старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш узнагародзіў найбольш актыўных давераных асоб
Прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання даўно сталі надзейнай апорай кіраўнікоў сельвыканкамаў пры вырашэнні самых розных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва. Яны не аднойчы ўласнымі справамі даказвалі сваю карыснасць для грамадства. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш падчас узнагароджвання найбольш актыўных давераных асоб і старастаў.
Мерапрыемства адбылося ў Тураўскім гарсавеце. Уладзімір Мікітавіч з вялікім задавальненнем прывітаў кіраўнікоў Саветаў і людзей, якія ў вольны час не цураюцца папрацаваць на карысць землякоў-вяскоўцаў.
— Праблем у сельскіх паселішчах нямала і дзякуючы актывістам іх удаецца вырашаць сумесна уладай і насельніцтвам. Сабраць жыхароў на суботнік, своечасова данесці ў сельвыканкам аб узнікшых пытаннях, збор ахвяраванняў — гэта невялікая доля абавязкаў, якія выконваюць грамадскія лідары, — падкрэсліў старшыня райсавета. — І вельмі імпануе, што сваім не абыякавым стаўленнем да даручэнняў і вясковага ўкладу такія жыхары настройваюць і іншых рабіць свае паселішчы прывабнейшымі і прыгажэйшымі.
Спыніўся Уладзімір Кулеш і на такой акалічнасці, што давераныя асобы старшынь Саветаў — людзі самых розных прафесій, у кожнага з іх розны стаж на грамадскай рабоце, але яны аб’яднаны адной важнай мэтай: дапамагаць людзям, паказваць уласным прыкладам, што любоў да малой радзімы павінна мацавацца добрымі справамі.
— Сярод прысутных на ўрачыстасці і нашая давераная асоба з вёскі Дзедаўка Алена Радчэня, — з гонарам прадстаўляе актывіста старшыня Людзяневіцкага сельвыканкама Юрый Волчык. — Трэці год на пасадзе, а зроблена ў паселішчы па навядзенні парадку вельмі шмат. Жанчына арганізоўвала суботнікі на могілках, па афарбоўцы агароджы на вуліцах, бралася за іншую работу. А яшчэ Алена адказна ставіцца да выканання сваіх службовых абавязкаў. Яна загадчык клуба і імкнецца, каб вяскоўцы мелі карысны і змястоўны адпачынак. Дзень вёскі збірае штогод шмат гасцей і землякоў. Адным словам, цепліца агеньчык ва ўстанове культуры.
А вось Сяргей Купрацэвіч з Марохараўскага Савета — давераная асоба са стажам.
— Зона маёй працы — аграгарадок Дуброва. Ажыццяўляю грамадскі абавязак недзе з сярэдзіны дзевяностых мінулага стагоддзя, — расказвае пра згаданыя клопаты Сяргей Віктаравіч. — Аб любой праблеме жыхароў неадкладна паведамляю прадстаўнікам вясковай улады. Прызнаюся, заўсёды знаходзіцца якое-небудзь пытанне ў людзей. Напрыклад, зараз іх турбуе стан вулічнага асвятлення. Перагараюць ліхтары, але аператыўнае рэагаванне дазваляе своечасова зняць праблему.
— У Марохараўскім Савеце працуе восем давераных асоб, — заўважае старшыня адміністрацыйнай тэрыторыі Генадзь Лесько. — У самых маленькіх паселішчах ёсць памочнікі. І скажу шчыра, без іх як без рук. Не заўсёды ўдаецца пабываць ва ўсіх населеных пунктах, але старасты пастаянна інфармуюць пра тутэйшую абстаноўку. Не буду хаваць, што нашыя актывісты — людзі вельмі паважаныя ў сваіх вёсках. Той жа Сяргей Купрацэвіч, Кацярына Макарэвіч з аграгарадка Бялёў, Іван Алесіч з Марохарава, Марыя Сегліна з Вятчынскай Рудні, Анатоль Маслёны са Старушак і іншыя.
Дарэчы, кіраўніцтва Мароха-раўскага сельсавета пастаянна імкнецца заахвочваць сваіх памагатых. Як зазначыў Генадзь Пятровіч, а чаму б і не рабіць гэтага і аказаць пашану чалавеку, якую ён заслужыў уласным стараннем і працай. Несумненна, што і прайшоўшае мерапрыемства на раённым узроўні таксама прадугледжвала такую высакародную мэту. Менавіта праз актыўнасць сабраўшыхся на ім людзей не толькі мацнее сувязь паміж вясковай уладай і народам, але і вырашаюцца справы дзяржаўнай важнасці, накіраваныя на паляпшэнне жыцця грамадзян.
Сяргей Белка