Механізатары і рамонтнікі ААТ «Жыткавічыхімсервіс» актыўна рыхтуюць тэхніку да веснавых палявых работ
У вытворчых памяшканнях акцыянернага таварыства штодня кіпіць работа.
Спраўна вядуць яе электрагазазваршчык Аляксей Сідарчук і трактарыст Генадзь Кузьміч.
Толькі давялі да ладу васьмікорпусны зваротны плуг да энерганасычанага трактара «Беларус-3522», адразу ўзяліся і за дыскі.
Нездарма новую айчынную камфортную і высокапрадукцыйную машыну замацавалі за старанным механізатарам Генадзем Кузьмічам. Ён адзін з лепшых працаўнікоў прадпрыемства. Акрамя ворыва Генадзю Іванавічу даручаюць і такі важнейшы ўчастак як сяўба.
Што тычыцца Аляксея Анатольевіча, то яго вопыту можна пазайздросціць. Адзін з аб’ектаў, на якім ён працаваў, Беларуская атамная электрастанцыя.