У жалобным спісе спаленых населеных пунктаў – тры вёскі Мілевіцкага сельскага Савета

11 лютага 1943 года фашысты знішчылі Іёвічы, праз чацвёра сутак — Мілевічы і Беразнякі.

З нагоды 80-годдзя трагедыі мясцовая ўлада і работнікі культуры наладзілі ўрачыста-жалобныя мітынгі.

У Беразняках аж два месцы, дзе агнём катавалі мірных жыхароў. Паважліва ставяцца аднавяскоўцы да сваёй абраніцы Людмілы Ефімовіч, загадчыцы сельскім клубам, якая выконвае абавязкі старшыні ветэранскай арганізацыі і старасты Мілевіцкага сельскага Савета, таму і прыйшлі, каб яшчэ раз прыгадаць успаміны сведак карнай аперацыі і ўшанаваць памяць пра ахвяр злачынства немцаў.

Мне як старшыні выканкама прадставілi гонар адкрыць мерапрыемства. Падзякаваўшы жыхарам вёскі за неабыякавасць, прыйшлося прайсціся старонкамі гісторыі. Але статыстычныя лічбы нельга параўнаць з тым, што давялося пабачыць шматлікім сведкам трагедыі, якая адбылася на Стрэчанні, 15 лютага.

Саклеце Нікановіч на той час было 12 гадоў. Партызаны загадалі ўцякаць і хавацца ў лесе. Бацька дзяўчынкі ведаў больш: у Іёвічах людзей ў лесе расстралялі, бо знайшлі немцы ўцякачоў па слядах. Таму, калі рушылі з вёскі, старэйшы брат вялікімі яловымі лапамі замятаў сляды падводы. Пазней у густым ельніку бязгучна ўсе будуць плакаць, чуючы душараздзіральны крык, плач. Хлопцы пазалазілі на вялікія дрэвы і бачылі, як у двух месцах узвіваўся чорны-чорны дым.

Другая сведка, Кацярына Церашкевіч, уратавалася разам з дзецьмі ў прыбіральні. І гэта цуд, бо немец адчыніў дзверы, паглядзеў жанчыне ў вочы і, дзякаваць Богу, закрыў.

У той дзень  загінула больш за 200 чалавек. Словы ўспамінаў, каравай памяці і хвіліна маўчання.

Няўмольна бяжыць час. Наш святы абавязак – захаваць і перадаць наступным пакаленням памяць, якая робіць нас моцнымі духам і справамі.

Тамара Трафімовіч,

старшыня Мілевіцкага

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.