У Жыткавічах ушанавалі памяць вязняў канцлагераў

Навучэнцы школ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, улады сабраліся ў памятным для кожнага жыхара райцэнтра месцы — ля абеліска на вуліцы Першамайскай, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны гітлераўцы стварылі канцэнтрацыйны лагер для палонных чырвонаармейцаў. Жудасным і страшным быў быт гэтых салдат. Нацысты трымалі іх амаль пад адкрытым небам у любое надвор’е, не кармілі і забаранялі рабіць гэта мясцоваму насельніцтву. За кожную правіннасць усіх чакала смерць.

— Крывавы след нацысты пакінулі і на Жыткавіцкай зямлі, — нагадала старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага аб’яднання “Белая Русь” Надзея Шабаева. – І не толькі ў лагеры на Першамайскай чыніліся зверствы, а і ў яўрэйскім гета ў Леніне, іншых паселішчах. У маштабах Беларусі лік бязвінных ахвяр складае мільёны. Толькі ў канцлагеры ў Азарычах загінула не меней дваццаці тысяч жыхароў, сто тысяч было знішчана ў Мінскім гета. Забыць такое – таксама злачынства. Слава выжыўшым у тых бесчалавечных умовах! Вечная памяць загінуўшым!
Яе ўшанавалі хвілінай маўчання і ўскладваннем кветак да манумента.