Ферма моцная полем. Аб гэтым добра ведаюць у КСУПе “Бялёў”

Пакуль дабіраемся з дырэктарам гаспадаркі Аляксандрам Талмачэўцам і галоўным інжынерам Аляксандрам Струкам да палетка, дзе ідзе сяўба, апошнія ацэньваюць стан пасеваў азіміны.

– Ячмень добра падрос за гэтыя дні пасля падкормак, хаця падмок месцамі, – звяртае ўвагу спецыяліста Аляксандр Леанідавіч. – Размясцілі культуру на нашых палях упершыню.  І робім усё, каб яна парадавала добрым ураджаем. Вось рапс слабейшы. Не ўсе нашыя глебы ён любіць.

Сапраўды, на мясцовых палях вымачкі каласавых хапае. Аб гэтым яскрава сведчаць на зялёным фоне руні чорныя плямы. Кіраўніка радуе, што няхай і пакрыху, але вільгаць паступова адступае з палёў і пасеваў.

– Гэта не самы горшы варыянт, – заўважае Аляксандр Мікалаевіч. – Ёсць палі, дзе вада і зараз не сышла. Увогуле вясна даволі капрызная сёлета на пагодныя ўмовы. На тых землях, што далучылі да нас з КСУПа «Чырвоны Бор», ворыва праводзім толькі на ўзвышшах, бо нізіны нагадваюць вадаёмы і ніякая тэхніка туды «не ўлезе», нават на спарках. Але і чакаць не маем часу. Адсеяцца варта ў адведзеныя тэрміны.

Ва ўрочышчы  Каля бярозкі нас сустракае галоўны аграном Павел Галавач. Ён пільна сочыць, як ідзе сяўба цімафееўкі, пры ўзнікшых цяжкасцях падказвае і дапамагае механізатару Аляксандру Брыняўцу выйсці са складанага становішча.

– Аляксандр на сяўбе не першы год, – хваліць земляроба спецыяліст, – таму справу ведае добра. Зараз заняты на пасеве травы. Дарэчы, гэтай вясной менавіта на яе стаўка. Ужо заштукавана насенне люцэрны і рэйграсу на сотні гектарах. Зараз узяліся за перазалужэнне. Пачалі і кукурузу сеяць – не меней як паўтары сотні гектараў «каралевы палёў» маем. Адно стрымлівае – адсутнасць падрыхтаваных плошчаў.

Папрацаваць на кармавую базу бялёўскім земляробам сёлета спатрэбіцца нямала.  Грамадскі статак па прычыне далучэння суседняга сельгаспрадпрыемства павялічыўся ўдвая. Таму і планы вялікія. Адной толькі кукурузы на сілас і зерне неабходна размясціць на 1250 гектарах. А яшчэ паўтысячы га зоймуць шматгадовыя і аднагадовыя травы і культуры. Варта сказаць, каб забяспечыць жывёлу бялковым кормам, тут збіраюцца вырошчваць і сланечнік.

– Будуць травы, будзе сянаж, – заключае Аляксандр Талмачэвец. – Летась мы з КСУПаў адзіныя, хто здолеў стварыць добрую кармавую базу. Паўгода кармілі фермы у дзвюх гаспадарках, таму маем пэўныя складанасці. Але спадзяемся, што выручыць свірэпіца, уборку якой хутка распачнем і масу будзем дабаўляць у кормасумесі.

Культура паспела для гэтага. Яе жоўтыя суквецці  выбіваюцца з суцэльнага колеру вясновай зеляніны. Дарэчы, і летась свірэпіца стала добрай падтрымкай у кармавым балансе. Маса з яе не толькі паступала ў кармушкі, але і траншэі. Ды і выгаднасць расліны ў тым, што пасля яе скошвання, на вызваленых плошчах можна пасеяць іншыя культуры на корм статку. Таму і не сціхае праца на бялёўскіх палетках. Клопатаў шмат, як і складанасцей. Але мясцовыя рупліўцы рук не апускаюць, бо  ўсведамляюць:  добра паробяць на палях, то і ў жывёлагадоўлі ўсё складзецца няблага.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.