Пасяўная ў акцыянерным таварыстве «Тураўшчына» ў самым разгары
Асноўныя высілкі мясцовых працаўнікоў зараз засяроджаны на сяўбе кукурузы, бульбы і гароху.
Плённа працуе на кукурузе механізатар Іван Жылан. У сярэднім за дзень ён заштукоўвае ў глебу насенне культуры на дваццаці пяці гектарах.
– Гэта мая пятнаццатая вясна ў полі, – расказвае земляроб. – І кожны год задзейнічаны на сяўбе кукурузы. Справа патрабуе пільнасці і сабранасці, бо без іх агрэхаў наробіш імгненна.
Іван Іванавіч добра ўсведамляе, якая адказнасць лягла на яго. У будучым гэтыя пасевы стануць падмуркам кармавой базы грамадскаму статку. Таму і шчыруе, не лічачыся з часам.
– Кукуруза цяпло любіць, тады і ўзыходы будуць добрыя. Прыпякаць жа па-сапраўднаму пачало ўсяго некалькі дзён, раніцай яшчэ і замаразкі надараліся, – дзеліцца сваім досведам Іван Іванавіч. – Зараз з максімальнай аддачай рупімся. Тэрміны нельга прапусціць.
– Пад культуру ў гэтым годзе адводзім дзве з паловай тысячы гектараў, – дапаўняе механізатара вядучы аграном аддзялення «Верасніца» Эдуард Бічка. – Таму і сеялак задзейнічаем паўдзясятка. На агрэгатах працуюць толькі вопытныя механізатары – Міхаіл Клімовіч, Міхаіл Матарас, Васіль Тачыла і Васіль Гардзейчык. Турбуе пакуль іншае, што не паспяваем рыхтаваць для гэтай каманды глебу. Не на кожны палетак яшчэ можа заехаць тэхніка.
У доказ сваіх слоў спецыяліст прапанаваў наведацца на поле, дзе Уладзімір Матарас на энерганасычаным трактары праводзіў перадпасяўную падрыхтоўку раллі.
– Тут яшчэ з тыдні два чайкі плёскаліся ў вадзе, – распавёў механізатар. – Зараз вада сышла і стала магчыма працаваць.
– Зацяжная вясна выдалася. Залішняя вільготнасць нямала папсавала нам нерваў. Восенню значна недасеялі азімых каласавых, таму выпраўляць становішча прыйшлося яравымі. Іх сёлета амаль тысячу гектараў пасеялі, чаго ў ранейшыя гады не рабілі, – падтрымлівае трактарыста і намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Арцём Кузьміч. – Акрамя гэтага правялі падкормкі пасеваў, на 90 гектарах размясцілі гарох. У бліжэйшыя дні працягнем пашыраць пасевы гэтай культуры, каб выспявала раўнамерна. А там і за салодкую кукурузу возьмемся.
Не дрэмлюць у шапку і тураўскія бульбаводы. Мікалай Швец пад непасрэдным кантролем агранома Мікалая Жылана выконвае гэтую справу. Насенныя клубні павінны быць пасаджаны на сарака гектарах у самы кароткі час.
Працы яшчэ шмат на палетках гаспадаркі. Наперадзе пасеў адна- і шматгадовых траў. А там і касьба не за гарамі. Дарэчы, зараз на корм жывёле падкошваюць свірэпіцу. Такая зялёная дабаўка ў рацыёны станоўча ўплывае на надоі. Яны на фермах акцыянернага таварыства паціху рушылі ўгару.
Галоўнае, што ў такія адказныя дні тураўскія земляробы не трацяць упэўненасці ва ўласных сілах, а рашуча прымаюць вычарпальныя захады, каб і добры ўраджай вырасціць, і надзейную кармавую базу закласці.
Сяргей Белка
Добра працуе Іван Жылан
Уладзімір Матарас
на цяжкасці не наракае
Роўныя барозны ў Мікалая Швяца