Карануюць збожжа на шырокіх гонях
Працаўнікі КСУПа «Бялёў» аднымі з першых у раёне вывелі збожжаўборачную тэхніку на хлебную ніву. У гэтыя дні ў гаспадарцы ўжо заканчваюць абмалот азімага ячменю.
– Культура для нас новая, – расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Талмачэвец. – Вырошчваем першы год. Пад ёю занята сто гектараў. Калі гаварыць пра аддачу, то спадзяваліся на значна большы вынік.
Расчараваны і галоўны аграном Павел Галавач, і камбайнеры.
– Тэхналагічна ўсё зрабілі правільна: далі палям добрую запраўку, засеялі іх насеннем высокіх рэпрадукцый, правялі доглядныя работы. Адным словам, каб не надвор’е, а дажджоў у нас не было больш за месяц, запланаваную аддачу атрымалі б абавязкова, – падсумоўвае старанні на ячменным полі Павел Мікалаевіч.
– Ёсць мясціны, якія радуюць ураджаем, а там, дзе ва ўсю пагаспадарылі спёка і веснавыя замаразкі, намнога горшы намалот, – падтрымлівае высновы спецыяліста вопытны камбайнер Аляксандр Гаўрылаў.
Хаця пачатку жніва хлебароб вельмі рады. Для гэтага ёсць важкія падставы. Рукі даўно змарнаваліся па сапраўднай мужчынскай справе, якая з’яўляецца вянцом усіх клопатаў і намаганняў калектыву. Ды і тое, што на днях яны з напарнікам Дзмітрыем Макарэвічам пераселі на новенькі КЗС таксама прыдае добрага настрою. А з такімі эмоцыямі любая справа па плячы.
– Яны і ля старэнькай машыны напярэдадні жніва старанна парупіліся, – адзначае майстэрства механізатараў галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Струк. – Цяпер іх камбаін перададзім менш вопытным калегам, а прафесіяналы будуць працаваць за штурвалам толькі нядаўна прыдбанага агрэгата. Такая кадравая ратацыя абумоўлена не толькі высокім коштам тэхнікі, а і тым, каб яе выкарыстоўваць больш эфектыўна. Упэўнены, у спрактыкаваных камбайнераў гэта атрымаецца намнога лепей.
Калі Гаўрылаў і Макарэвіч толькі апрабоўваюць набытую тэхніку «Гомсельмаша», то іх таварышы па хлебаробскай справе Генадзь Галавач і Максім Савіч гэта ўжо зрабілі раней. Перад самым жнівом ім даверылі новы ўборачны агрэгат. Ім мужчыны да выхаду на збажыну ўжо абмалацілі десяць гектараў свірэпіцы. Ды і на палетках ячменю пастараліся.
– Цяпер у кабіне камфорт, што вельмі радуе ў спёку – дзеліцца ўражаннямі Максім. – Прахалоду на працоўным месцы забяспечвае кандыцыянер, таму, здаецца, і стамляешся значна меней за змену. Ды і менш часу ідзе на абслугоўванне, што не кажы, а новае ёсць новае. Праўда, да ўсякай тэхнікі варта ставіцца з любоўю. Будзеш добра адносіцца да яе, то і яна не падвядзе цябе на палетку.
– Мець такое моцнае папаўненне ў машынным парку на пачатку жніва для сельгаспрадпрыемства з’яўляецца добрай падтрымкай, – падводзіць вынікі размовы Аляксандр Мікалаевіч. – Дзякуючы далучэнню да нас суседняй гаспадаркі ўзраслі і магутнасці для дапрацоўкі зерня. І гэта адбылося своечасова.
Сапраўды сёлета неабходна ўбраць паўтары тысячы гектараў азімага рапсу, каласавых, без уліку кукурузы на зерне і сланечніка. Дарэчы, апошняй культурай тут пачалі займацца таксама ўпершыню. Пасеялі сто гектараў. Так што ўборачнай плошчы за сезон назбіраецца за дзве тысячы гектараў. Але да гэтага тут гатовыя. Калі жніво пойдзе масава, на ім задзейнічаюць шэсць камбайнавых экіпажаў. Нагрузка на адну машыну застаецца саліднай, але настрой работнікаў на працу паказвае: яны гатовыя да любых выпрабаванняў.
Сяргей БЕЛКА
Фота Святланы Севасцьянавай