У ААТ «Тураўшчына» пачалася вытворчасць зялёнага гарошку

У чацвер пасля месячнай падрыхтоўкі абсталявання абудзіўся цэх па вырабу агароднінных кансерваў ААТ «Тураўшчына». Зараз за змену з яго канвеера сыходзіць некалькі дзясяткаў тысяч слоікаў кансерваванага гароху.

Падзеі калектыў філіяла чакаў з нецярпеннем. «Што ні кажы, а гэта ж наша брэндавая прадукцыя. Смакавыя якасці яе даўно спадабаліся  беларускім і расійскім спажыўцам», – не хавае  ўзнёслага настрою кіраўнік вытворчасці Анастасія Лісіцкая. Са станоўчымі эмоцыямі за справу ўзялася не толькі яна, але і яе памочнікі. Таму і нядзіўна, калі з палетка прыбыў першы грузавік з сыравінай, цэх імгненна напоўніўся парай, а жанчыны дружна сабраліся ля стала пераборкі гароху, каб хутчэй набраць неабходную колькасць адборных зялёных бабоў, неабходных для запуску канвеера на поўную магутнасць. У многіх работніц не сыходзіла ўсмешка, а звыклая не адзін год справа стала сапраўдным святам. У такі момант, назіраючы за спрытнымі і дакладнымі рухамі працаўніц, разумееш, наколькі вялікае імкненне ў іх набраць неабходны тэмп.

– Сёлета спадзяемся толькі на станоўчы вынік, – гаворыць Іалана Тачыла. – Пастараемся, каб даведзенае нам заданне было перавыканана.

Да важнага для сябе сезону на прадпрыемстве сёлета падрыхтаваліся грунтоўна. Не толькі перагледзелі ўсе вузлы і агрэгаты, але і своечасова запасліся слоікамі і накрыўкамі, іншымі неабходнымі інгрыдыентамі. На гарачую пару набралі амаль тры дзясяткі рабочых.

– Працэс закаткі гароху бесперапынны, таму без дадатковых рук не абысціся, – канстатуе Анастасія Мікалаеўна. – Гэта ж не 25 тысяч слоікаў бярозавіку ўкупорыць, такі аб’ём мы выпусцілі прайшоўшай вясной. Нашая задача па перапрацоўцы гароху на сённяшні сёзон – вырабіць 3 мільёны 136 тысяч слоікаў прадукцыі.

Парадак у цэху і з сыравінай. Ёю камбінат забяспечваецца з уласных палеткаў. У акцыянерным таварыстве пасеяна трыста гектараў гароху. Канечне, апасенні аб яго развіцці былі, асабліва, калі на вуліцы стаяла спёка. Але дажджы, якія змянілі яе, добра напаілі глебу, і культура хутка пайшла ў рост. Цяпер радуе добрым ураджаем. Па словах камбайнера Мікалая Бурлова, кожны гектар аддзячвае не меней як саракацэнтнерным намалотам. Таму яму і калегам Віктару Карпцову, Дзмітрыю Леўкаўцу, Уладзіміру Клочка не складае цяжкасці своечасова забяспечваць канвеер гарохам. Як кажуць, пастаўка ідзе па першым званку з камбіната, бо кузаў МАЗа запаўняюць меней за гадзіну.

Пара кансервацыі гароху на камбінаце ААТ «Тураўшчына» цягнецца прыкладна паўтара месяца. За такі параўнальна невялікі адрэзак часу неабходна не толькі выпусціць намечаныя аб’ёмы, але і захаваць высокую якасць прадукту. Нездарма ж выходзіць ён пад брэндам «народная марка». Як вядома, аўтарытэт спажыўцоў заслужыць нялёгка, а вось страціць можна ў адно імгненне. Таму і стараюцца тураўскія перапрацоўшчыкі працаваць так, каб іх прадукцыя адпавядала самым высокім стандартам.

Сяргей Белка

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.