Зарад у студатрад

З пачаткам уборачнай кампаніі ў сельгасарганізацыях побач з дарослымі працуюць падлеткі. У акцыянерным таварыстве «Жыткавічыхімсервіс» юнакі і дзяўчаты не першы год дапамагаюць збіраць буякі. І сёлета навучэнцы школ райцэнтра не пакінулі калектыў прадпрыемства без дапамогі.

З пачатку тыдня тут за справу ўзяўся студэнцкі атрад у складзе пятнаццаці падлеткаў, які арганізаваны райкамам БРСМ. На ягадную паляну памочнікі прыходзяць а восьмай раніцы. Хаця, як адзначыла аграном ААТ Кацярына Бойка, некаторыя і раней, каб за змену, якая доўжыцца да абеда, сабраць як мага больш садавіны.

– Зацікаўленасць дзяцей зразумелая, – распавядае Кацярына Міхайлаўна, – іх заробак напрамую залежыць ад вагі здадзеных ягад. Усе стараюцца  дабіцца большага выніку. Буякі паспяваюць нераўнамерна, таму ў першы ж дзень работы  моладзі падрабязна расказалі пра тэхналогію збору і тэхніку бяспекі.  Кантралюю іх дзейнасць і на працягу ўсяго дня. Імкнемся, каб сарваная прадукцыя, што адразу паступае ў наш фірменны гандаль, была адменнай якасці. Пакуль атрымліваецца.

Яскравым доказам слоў спецыяліста з’яўляўся стройны ланцуг хлопчыкаў і дзяўчынак, якія спрытна аббіралі ягоднік.

– Не цяжка? – пытаюся ў тых, хто бліжэй.

– Зусім не, – дружна адказваюць, неспыняючы справы, дзве Аліны – Лук’янюк і Ульяновіч. – Нават падабаецца такая работа. З раніцы ўжо па скрынцы набралі, у кожнай кілаграмаў па пяць.

Гэта першы працоўны вопыт дзяўчат у студэнцкім атрадзе, таму і шчыруюць з запалам, каб не адставаць ад таварышаў.  Адчуваецца саперніцтва ў маладзёжнай суполцы, тым больш што ёсць і тыя, хто ўжо займаўся зборам ягад. У ліку іх і Дар’я Свежынец.

– Вучуся ў гімназіі, – расказвае пра сябе Дар’я, імкліва абрываючы чарговы куст. – Пэўны досвед у справе маю, таму за час працы набіраю па болей як два вядры.  Заканчваем работу і здаем буякі ў магазін, дзе  прыёмшчык і паведамляе нам аб дзённай выпрацаўцы.

Не меншы спрыт  праяўляюць і юнакі. Штодзённа падсумоўвае свае вытворчыя вынікі  гімназіст  Канстанцін Кіцура:

– У першы дзень не так і многа кілаграмаў атрымалася. Шмат ягад было яшчэ няспелымі. Цяпер штораз мой уласны здабытак прырастае. Ужо два дзясяткі кілаграмаў перавышае. І спадзяюся, палепшу яго. Шчыраваць яшчэ цэлы тыдзень.

Безумоўна, для падлеткаў зарабіць самастойна першы ўласны рубель – вялікая радасць. Таму і настрой на працу адпаведны, наракаць ніхто не збіраецца. Няхай і невялікія грошы атрымаюць, але то ж свае. А цяперашняя моладзь жадае, хаця і ў дробязях, быць незалежнай ад дарослых. І вельмі добра, што БРСМ летам дае ім такі шанц  для самастойнага заробку.

– Зараз у нас працуюць  два атрады: адзін у ААТ «Жыткавічыхімсервіс», другі ў лясгасе. Летняй занятасцю ахоплены ў ліпені тры дзясяткі школьнікаў. Чакаем, што прымуць наш працоўны дэсант і ў акцыянерным таварыстве «Людзяневічы», таксама  ў «Жыткавічыхімсервісе» і КСУПе «Бялёў», – распавядае, як праходзіць працоўная чвэрць на Жыткаўшчыне першы сакратар райкама БРСМ Алена Козік.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.