Сёлета сваё прафесійнае свята жыткавіцкія газавікі сустракаюць пад знакам юбілею

20 гадоў назад у раён падвялі прыродны газ. Гэтая падзея і зараз з’яўляецца вызначальнай у дзейнасці калектыву ВУ «Жыткавічыгаз».

Тэма для гутаркі з дырэктарам Іванам Купрацэвічам узнікла менавіта з нагоды адзначанай падзеі. Праводзячы на вытворчую тэрыторыю, кіраўнік нязмушана скіраваў увагу на вялікую новабудоўлю.

— Шкада, што калектыў не атрымаў цудоўны і вельмі патрэбны падарунак да свята. Падвялі будаўнікі. А так хацелася, каб работнікі справілі тут наваселле, — расчаравана адзначыў Іван Віктаравіч.

Сапраўды, памяшканне патрэбна арганізацыі, як паветра. Тут меркавалася размясціць вучэбныя класы, пакоі для персаналу, бытоўкі.

— З уводам яго ў эксплуатацыю мы значна  палепшылі б умовы сваіх спецыялістаў, — расказвае дырэктар. — А гэты аспект у нашай дзейнасці адзін з прыярытэтных. Ад яго ў многім залежыць і бяспека працы, і яе выніковасць, і рост прафесіяналізму калектыву. Калі чалавек адчувае аб сабе клопат, ён і стараецца з належнай аддачай выконваць ускладзеныя абавязкі.

Крыху аб самім будынку. Раней ён лічыўся бытавым і там меліся нядрэнныя ўмовы. Але час не стаіць на месцы, і наспела неабходнасць перамен. Таму і ўзяліся рэканструяваць аб’ект, каб ён адпавядаў цяперашнім патрабаванням і надзейна служыў газавікам,  а значыць і нам, спажыўцам “блакітнага паліва”, бо абнаўленне матэрыяльнай базы ўпраўлення станоўча ўплывае на якасць аказваемых паслуг. Таму і не шкадуюць на такую дзейнасць грошай. І ўкладваюць іх, каб атрымаць найбольшую карысць. Напрыклад, ажывае база ВУ “Жыткавічыгаз” у Тураве. Адчувальная патрэба  аднаўлення тамашняга ўчастка.

— Тураўшчына актыўна газіфіцыруецца. Толькі нядаўна там пракладзены газаправод даўжынёй больш дваццаці кіламетраў, і ў навакольных вёсках ужо створаны тры кааператывы з жыхароў, якія жадаюць карыстацца ў дамах “блакітным палівам”. У наступным годзе пачнем ажыццяўляць мару такіх людзей, — дзеліцца планамі Іван Купрацэвіч. — Ды і той факт, што з’явілася магчымасць пастаўляць прыродны газ у Столінскі раён, таксама вымушае клапаціцца пра ўмовы работы нашага персаналу ў згаданай частцы рэгіёна. Менавіта яны будуць абслугоўваць камунікацыі.

Дарэчы, іх мадэрнізацыя вядзецца не меней шпаркімі тэмпамі.

— Толькі ў гэтым годзе 31 аб’ект чакае капітальнай рэканструкцыі. На гэта выдаткоўваецца больш як паўтары мільёны рублёў, — пералічвае зробленае і намечанае Іван Віктаравіч. — У наступным годзе аб’ёмы няменшыя. Чакаюць чаргі на рэканструкцыю рамонтная майстэрня, а таксама склады для захоўвання балонаў і матэрыяльных каштоўнасцяў на асноўнай базе. Працягнецца і добраўпарадкаванне вытворчай тэрыторыі. І гэта акрамя мадэрнізацыі на газаправодах і размеркавальных пунктах. Усё, што адслужыла дваццаць гадоў, будзе заменена. Самі разумееце, мы не толькі ажыццяўляем бесперабойныя пастаўкі газу, але і клапоцімся, каб рабіць гэта бяспечна. Аб’ёмы штогод растуць. Толькі за сем месяцаў бягучага года пастаўлена кліентам 17,9 мільёна  метраў кубічных паліва. У параўнанні з леташнім гэта на 48 працэнтаў болей. І, як паказвае практыка, паказчык толькі прырастае, а значыць, і камунікацыі павінны быць у парадку.

Безумоўна, што любое абсталяванне надзейна служыць толькі ў руках прафесіяналаў. Іх у калектыве ВУ “Жыткавічыгаз” дастаткова. Таму і развіваецца арганізацыя дынамічна, пастаянна прырастаючы добрымі справамі на карысць людзям нашага і суседніх рэгіёнаў. Таму Іван Віктаравіч паважліва адносіцца да сваіх падначаленых і ветэранаў газавай гаспадаркі, заўсёды зычыць ім плённай працы, здароўя, шчасця, дабрабыту ў дамы. А падмуркам для збыцця пажаданняў служаць паўсядзённыя клопаты калектыву, яго старанне і прафесіяналізм.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.