З канвеера філіяла «Тураўскі кансервавы камбінат» ААТ «Тураўшчына» сыходзіць 35 тысяч слоікаў салодкай кукурузы
За дзве васьмігадзінныя змены ў суткі з канвеера філіяла «Тураўскі кансервавы камбінат» ААТ «Тураўшчына» сыходзіць 35 тысяч слоікаў салодкай кукурузы.
А пачынаецца яе шлях на перапрацоўку з палетка. Сёлета сыравінная база прадпрыемства раскінулася на 130 гектарах. Гаспадарка застаецца адзінай у краіне, дзе наладжаны поўны – ад пасеву да закаткі – цыкл вытворчасці гэтай гародніны.
– На круг атрымліваецца па 160 цэнтнераў, – спыніўшы на некалькі хвілін камбайн, распавёў пра нядрэнную для сёлетняй пагоды ўраджайнасць механізатар Дзмітрый Леўкавец. – Культура, як і гарошак, далікатная, прастояў не любіць.
Жнейны механізм акуратна захоплівае невысокія ў параўнанні з кармавымі гатункамі сцябліны, і бункер паступова напаўняецца буйнымі пачаткамі. Праз паўгадзіны вадзіцель Мікалай Бурлоў падае свой МАЗ пад пагрузку. Дарэчы, апошні яго рэйс на палетак адбудзецца ў гадзіну ночы. Колькі хвілін язды – і кукуруза на камбінаце. Працэс кансервацыі тут адладжаны да дробязяў. Рабочы рытм суправаджаюць адпаведныя гукі працуючых механізмаў, кожны чалавек заняты сваёй справай. Кіяхі з машыны падаюцца на вытворчую стужку, дзе з іх здымаюць лісцевую абалонку і лушчаць. Зярняткі трапляюць на шырокі рухомы стол, за якім, зорка ўглядаючыся, аператары выбіраюць бракаваныя экземпляры. Тым часам непадалёку па канвееру плывуць-апрацоўваюцца гарачай парай слоікі, якія потым аўтамат напоўніць кукурузай. Другі апарат закруціць накрыўкі, і шкляныя паўлітровікі паступяць у аўтаклавы на стэрылізацыю. Канчатковая кропка – сховішча. Тут ужо высіцца шмат штабеляў фірмовай прадукцыі камбіната, гатовай да адпраўкі ў гандлёвыя сеткі.
– Усяго плануем выпусціць 2325000 слоікаў кукурузы, што адпавядае леташнім аб’ёмам, – узбройвае лічбамі начальнік вытворчасці Анастасія Лісіцкая. – Заданне ўжо выканана больш як на 30 працэнтаў.
Попыт на залатыя зярняткі з Турава стабільны. Пакупнікі даўно пераканаліся ў якасці нашага прадукта. Дагаворы прадпрыемства заключыла як з айчыннымі спажыўцамі, так і з замежнымі. У ліку апошніх – Расійская Федэрацыя.
Святлана Шакалян