Майстар спраў педагагічных

Удзельнік мноства рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, аўтар публікацый у спецыялізаваных СМІ, лаўрэат абласнога этапа конкурсу «Настаўнік года». Яе вучні паказваюць высокія вынікі ў ЦЭ і ЦТ, даследніцкай дзейнасці і, беручы прыклад, становяцца калегамі-філолагамі…

Усіх дасягненняў настаўніка беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №2 горада Турава Таццяны Зямлянік адразу і не пералічыць. Сёлета яна ўзнялася яшчэ на адну прыступку прафесійнага майстэрства. Днямі паспяхова здала экзамен на прысваенне найвышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі – настаўнік-метадыст.

Зараз у рэспубліканскім банку ўсяго крыху больш за чатыры с паловай сотні такіх спецыялістаў, што адначасова сведчыць і пра іх унікальнасць, і пра вялікія патрабаванні да адметнага статусу, які можна трактаваць як настаўнік настаўнікаў. Таццяна Мікалаеўна – другі ў раёне педагог, што здолеў падняцца на такую вяршыню.

– Навучыўся сам – навучы другога, – разважае яна пра місію настаўніка-метадыста. – У гэтым сэнсе згодна з англійскім «гуру» педагогікі Росам Морысанам МакГілам, які не без долі жарту казаў: для настаўнікаў, што не дзеляцца сваімі набыткамі з калегамі, у пекле падрыхтавана асаблівае месца. Так склалася, што ў нашым асяроддзі часцей назіраецца не супрацоўніцтва, а канкурэнцыя. А гэта зусім не прагрэсіўна. Відавочна, ад узаемадзеяння карысць і выкладчыкам, і вучням. Зацікавіць і матываваць калег – важная задача.

Сейбітам разумнага, добрага, вечнага Таццяна Зямлянік стала 25 гадоў таму, калі з чырвоным дыпломам ВНУ пераступіла парог школы, у якой і адбылося яе сталенне. Гэта чалавек, які літаральна гарыць сваёй працай, па-сапраўднаму любіць дзяцей і родную мову. Пастаянна самаўдасканальваецца, шукаючы аднадумцаў па ўсёй краіне, з задавальненнем удзельнічае ў семінарах, вэбінарах, канферэнцыях. Яе аўтарскую работу «Выкарыстанне медыятэкстаў на ўроках беларускай мовы як сродку фарміравання інфармацыйных кампетэнцый вучняў» узялі на ўзбраенне іншыя настаўнікі.

– Не толькі прадмету важна вучыць, а і даваць дзецям веды, якія спатрэбяцца ў жыцці, – на простых прыкладах тлумачыць сваю ідэю філолаг. – Разглядаючы тэму «Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа», можна проста адпрацаваць навык на практыкаваннях падручніка, а можна прапанаваць школьнікам разгледзець, скажам, схему Мінскага метро. Такім чынам, пяцікласнікі засвояць алгарытм карыстання нязвыклым для сябе медыятэкстам, а навучыцца ставіць коскі дапаможа заданне: скласці сказ, выкарыстоўваючы назвы станцый падземкі.

Таццяна Мікалаеўна заўжды ў творчым пошуку. Сёлета заканчвае магістратуру БДПУ імя М. Танка, а яшчэ ўдзельнічае ў чацвёртым наборы рэспубліканскай праграмы «Настаўнік для Беларусі».

Сур’ёзны стаж, багаты вопыт, публікацыі і ўласная методыка выкладання прадмета, якой карыстаюцца калегі, – галоўныя крытэрыі для кандыдатаў на атрыманне згаданай катэгорыі. Перш чым здаваць экзамен, яны абагульняюць свае дасягненні ў творчым партфоліа, потым прэзентуюць майстар-класы для незнаёмай аудыторыі. І калі не сыходзяць з дыстанцыі, а такія выпадкі нярэдкія, здаюць камісіі сам іспыт.

– Не скажу, што было дужа цяжка, – дзеліцца ўражаннямі ад экзамена Таццяна Зямлянік. – Хутчэй цікава. Праверыць свае магчымасці і нечаму навучыцца.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.