Што будзем чытаць узімку? Цікавыя навінкі беларускай літаратуры
Прапаную не засяроджвацца выключна на навінках мастацкай літаратуры, бо лічу, што дакументальная і даследчыцкая проза – гэта таксама надзвычай цікава, асабліва калі яна на добрай і даходлівай мове. Сёння якраз такі выпадак, на мой погляд.
Спадзяюся, чытачы стараюцца не прапусціць навінкі, якія выходзяць у серыі «Сучасная беларуская літаратура». Што да мяне, то, набыўшы першы том, цяпер заўсёды ў кнігарні цікаўлюся, ці з’явіўся наступны. І вось ён у мяне ў руках – зборнік апавяданняў «Душа твая светлая». Як кажуць, не прымусіў сябе доўга чакаць, што радуе.
Пад адной вокладкай сабраны творы папулярных сучасных пісьменнікаў: Алега Ждана, Алеся Бадака, Алены Паповай, Зіновія Прыгодзіча, Віктара Праўдзіна, Сяргея Трахімёнка, Анатоля Бутэвіча і інш. Апавяданні на беларускай і рускай мовах, ужо друкаваліся ў кнігах аўтараў ці ў перыядычных літаратурна-мастацкіх выданнях. І гэта хутчэй плюс, чым недахоп, бо ёсць надзея, што пісьменнікі розных пакаленняў прапанавалі ў зборнік свае найлепшыя творы, і можна прасачыць, як развіваецца названы жанр цяпер.
«Чаго мы чакаем ад сучаснага апавядання? Паўтарэння традыцый, якія закладзены пакаленнямі беларускіх літаратараў папярэдніх дзесяцігоддзяў? Але ж час няўмольна хуткаплынны. Ён парушае пэўныя, здавалася б, некалі трывалыя, межы; падобныя да неўтаймоўнай рачной вады ў пару вясенняга разліву, што разбурае ўсе перашкоды, нават рушыць дамбы», – інтрыгуе прадмова. Укладальнікі зборніка таксама адзначаюць, што «беларускі літаратурны працэс нарадзіў на дзіва шмат цікавых апавядальнікаў», і ён жывы, актыўны. Ці слушная такая заява? Каб мець на гэты конт уласнае меркаванне, варта мінімум пачытаць кнігу.
Заўсёды хочацца ведаць падрабязнасці жыцця знакамітых людзей, ці не так? Вось і я з такой простай чалавечай надзеяй узяла кнігу «Якуб Колас», укладальнікам якой з’яўляецца Наталля Якавенка. Тут успаміны народнага паэта Беларусі і біяграфічныя звесткі, асэнсаванне яго жыцця і творчасці аўтарам. Нават да знаёмага з дзяцінства легендарнага «мой родны кут, як ты мне мілы…» у літаратуразнаўцы свае стаўленне і ацэнка. «На першы погляд нічога асаблівага – звычайныя словы, звычайныя думкі, аднак, лепш не скажаш і перадаць сваімі словамі немагчыма, – тлумачыць Наталля Якавенка. – У гэтых радках закладзены наш генетычны культурны код і знаходзіцца ключ да разумення светапогляду, характару Якуба Коласа».
Чым адметная кніга? Бадай, тым, што гэта не трывіяльны зборнік артыкулаў і ўспамінаў, а таленавіты мастацка-дакументальны жыццяпіс, сплецены з фрагментаў аўтабіяграфіі, лістоў і дзённікавых запісаў паэта, а таксама з успамінаў блізкіх яму людзей у адзіны «рознакаляровы ланцужок, даўжынёй у 73 пражытых Коласам гады». Аўтар настойліва запрашае прайсці па жыццёвых сцежках паэта, прыслухацца да Коласавай мудрасці, «каб не прапусціць нешта асабліва важнае». Дык чаму ж не скарыстацца запрашэннем?
Выпадкова ці не, але на нашу палічку ў лістападзе трапіла яшчэ адно даследаванне жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры. Кнігу «Максім Танк. Асоба, паэзія, лёс» на чытацкі суд выносіць вядомы літаратуразнаўца Мікола Мікуліч. Ён грунтоўна аналізуе працэс фарміравання і развіцця творчай індывідуальнасці паэта – рэвалюцыянера, франтавіка, патрыёта, гуманіста.
Аўтар прызнаецца, што заўсёды адчуваў унутраную блізкасць да творчасці М. Танка, які быў шмат у чым не падобны да іншых беларускіх пісьменнікаў. У школьныя гады проста зачараваў М.Мікуліча грозны псеўданім паэта ды зацікавілі, усхвалявалі яго вершы. А вось чым ён адрозніваўся ад многіх сваіх калег па пяры, літаратуразнаўца зразумеў значна пазней. «Яго вершы, па-першае, сваімі каранямі былі звернуты да сацыяльна-гістарычнай праўды перажытага народам, вырасталі на глебе аналізу, роздуму лірычнага героя, асэнсавання працэсаў рэчаіснасці і не гублялі сувязей з супярэчнасцямі і драматызмам штодзённага жыцця, – піша Мікола Мікуліч. – Па-другое, яны ўтрымлівалі ў сабе нейкі трымтлівы душэўна-пачуццёвы лейтматыў, які лірыка-асацыятыўна падсвечваў сабою стрыжнявыя вобразы, карціны і малюнкі, усе кампаненты сюжэтна-тэматычнага сэнсараду, а ў шэрагу выпадкаў своеасабліва нанізваўся на духоўна-патрыятычны стрыжань твора, яго глыбінную сацыяльна-маральную эмоцыю».
Мяркую, кніжка Мікуліча зацікавіць найперш даследчыкаў, аспірантаў і студэнтаў, якія вывучаюць беларускую літаратуру. Але і нам, звычайным аматарам паэзіі, часам карысна пагартаць старонкі такой даследчыцкай працы.
Пакуль годзе пра класікаў, звернемся да сучаснікаў. Дакладней, да сучасніц, якія рэалізуюць сябе ў творчасці і дзякуючы якім з’явіўся доўгачаканы зборнік навел «Размова з люстэркам». Дарэчы, часта паміж апавяданнем і навелай ставяць знак роўнасці, але гэта не так. Хоць звычайна і аднолькавыя па памеры, жанры істотна адрозніваюцца тым, што ў навеле распрацоўваецца адна драматычная гісторыя, без апісанняў і развіцця персанажаў, і фінал тут раптоўны, выглядае як развязка сюжэтнай лініі.
Сярод аўтараў зборніка жаночых навел – Вера Зелянко, Аксана Бязлепкіна, Ніна Рыбік, Алена Стэльмах, Алена Брава, Таццяна Дашкевіч і інш. Ім, безумоўна, ёсць што сказаць і мужчынам, і грамадству. Невыпадкова старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч прызнае: «Паблажліва і з вышыні мужчынскіх перамог у айчыннай прозе пазіраць на гэтыя творы ўжо наўрад ці давядзецца». І дадае, што «пісьменніцы вядуць свой пошук, выкладваюць на паверхню (прычым часцей робяць гэта даволі аголена, адкрыта) унутраны боль, тое, што мужчына не адразу заўважыць, знойдзе ў жыцці». Што ж такога не могуць знайсці мужчыны і чаму жаночая літаратура становіцца ў нашай краіне ўсё больш запатрабаванай – на гэтыя пытанні, магчыма, адказаць будзе прасцей пасля «Размовы з люстэркам».
Напрыканцы амаль што сенсацыя! Так, гэта сапраўды грандыёзная падзея – выйшаў першы том збору твораў Кузьмы Чорнага. Гэта ўжо чацвёртае выданне, яно стане найбольш поўным і навукова каментаваным – запланаванае ў 12 тамах.
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) пражыў кароткае (1900–1944) і не надта шчаслівае жыццё. Але паспеў напісаць дастаткова і настолькі таленавіта, што застаецца дагэтуль у ліку выбітных пісьменнікаў. У 1920–30-я гады крытыкі і сучаснікі называлі яго беларускім Дастаеўскім. Ён адзін са стваральнікаў айчыннага рамана, сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы.
У першы том збору твораў класіка беларускай літаратуры ўвайшлі апавяданні 1921–1925 гадоў. Асабліва мяне зачапіў стылістычны талент пісьменніка, яго чароўнае ўменне валодаць родным беларускім словам і несумненнае майстэрства раскрываць псіхалогію, менталітэт і філасофію народа.