Запахла вясной, ідзём да пасяўной
На тры дні раней леташняга ў нашым раёне стартавала яравая сяўба.
Першымі гэту важную кампанію на мінулым тыдні распачало КСУП «Коленскае». Ва ўрочышчы Бальшая хвойка, што раскінулася на плошчы 40 гектараў, з самага рання кіпіць праца. На адной частцы палетка энерганасычаны МТЗ 3522 культыватарам распушвае глебу. Над свежаю раллёй кружаць белакрылыя чайкі. На адлегласці, нібы чаўнок, ходзіць «Беларус» з прычапной сеялкаю. У кузаве другога трактара, застыўшага на ўскрайку, чакае свайго часу пратручанае зерне, гатовае легчы ў баразну. Сонца яркімі промнямі падбадзёрвае сейбітаў: час прыйшоў закладваць аснову будучага ўраджаю.
Узяўшы хвіліну на перапынак, механізатар Аляксандр Пяшэвіч расказаў, што на гэтым полі будзе расці адразу дзве культуры – авёс і люцэрна. Зерневыя сажнуць, а трава перазімуе, каб наступнай вясной пайсці на корм грамадскаму статку. Да малочна-таварнага комплексу і вазіць недалёка, вунь ён бялее за рэдкалессем, выцягнуўшымся ўздоўж канавы.
– Прастояў няма, за змену засяваю да 25 гектараў, – рабочы дзень вопытнага трактарыста пачынаецца ў восем гадзін. – Тэхніка, хаця і няновая, не падводзіць, сам яе рамантую і абслугоўваю. Тэмпы стрымлівае высокая вільготнасць, але ж і ў сухой зямлі зерне не прарасце. Тут важна паймаць баланс.
Разам з коленскімі механізатарамі на сяўбе працуюць і іх калегі з другіх сельгас-прадпрыемстваў раёна.
– Пакуль нашы тэрыторыі падсохнуць, паспеем дапамагчы іншым, – з ахвотаю ўступае ў размову трактарыст КСУП «Бялёў» Віктар Макарэвіч, які падвозіць насенне. – Арганізавана дастаўка з дому і гарачае харчаванне ў полі. Працуем зараз без выхадных, вясна чакаць не будзе.
План па зерневай групе ў гаспадарцы невялікі, усяго 130 гектараў. Асноўныя плошчы зойме кукуруза – 1100 га. Пад гэтую культуру пачалі ўжо на больш высокіх мясцінах рыхтаваць глебу.
– Паралельна ідзе падкормка азімых, – дае расклад галоўны аграном КСУПа Іна Хомка. Для маладога спецыяліста гэтая пасяўная першая. – Восенню на 746 га размясцілі жыта, пшаніцу і трыцікале, плюс 200 га рапсу і 96 свірэпіцы. Забяспечанасць каліем і азотам складае 95 працэнтаў, працягваецца пастаўка фосфарных тукаў. Спадзяюся, што справімся ў аптымальныя тэрміны і з адпаведнай якасцю.
Галоўны аграном райсельгасхарчу Аляксандр Вараб’ёў расказаў, што раннія зерневыя на Жыткаўшчыне неабходна заштукаваць на 2280 га. Агульная плошча веснавой сяўбы складае без малога 20 тысяч гектараў. Масава разгарнуць веснавыя-палявыя работы пакуль перашкаджае пераўвільготненасць глебы. Таму дзейнічаць прыходзіцца выбарачна, зыходзячы са стану палеткаў і надвор’я. На дапамогу аграрыям прыходзяць меліяратары, там, дзе магчыма, паніжаюць узровень грунтовых вод. Па словах спецыяліста, апраўдвае сябе на пасяўной і міжгаспадарчае механізаванае звяно, створанае з прадстаўнікоў КСУПаў «Коленскае», «Бялёў» і ААТ «Людзяневічы». Такі падыход дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць кадравы і тэхнічны патэнцыял.
ФАКТ
На ўчарашнюю раніцу на Жыткаўшчыне пасеяна 270 гектараў аўса з запланаваных 755 га. Гэтыя работы, акрамя КСУП «Коленскае», вядуць і земляробы ААТ «Тураўшчына».