Урокі прафесіі і жыцця. Як прынялі маладых спецыялістаў у СШ №2 г. Турава
Першага верасня яны першы раз прыйшлі ў клас. Не вучнямі-навічкамі, а дыпламаванымі настаўнікамі сярэдняй школы №2 г. Турава. Як прынялі маладых спецыялістаў калегі, ці ўдалося знайсці кантакт з дзецьмі і якіх ведаў не хапае ўчарашнім студэнтам?
Формула Анастасіі Самойленка
– Добра тлумачыць і адзнакі справядлівыя ставіць, – лаканічна характарызуюць сваю выкладчыцу матэматыкі дзевяцікласніцы Каця Герман і Віка Сікорская.
За тры чвэрці Анастасіі Андрэеўне, падобна, ўдалося заваяваць у падлеткаў аўтарытэт. Будучы старшакурсніцай універсітэта, яна працавала ў дзвюх мінскіх школах, што станоўча паўплывала на адаптацыю ва ўстанове, куды трапіла па мэтаваму накіраванню.
– Першага верасня зусім не было страшна, – пасля таго, як празвінеў званок з урока, успамінае свой кар’ерны старт субяседніца. — Адзінае, з чым грунтоўна не сутыкалася, – класнае кіраўніцтва. Але ж, са сваімі пяцікласнікамі і іх бацькамі паразуменне знайшлі хутка. Адчуваю: школа – гэта маё.
Прафесію Анастасія Самойленка выбірала пад уплывам настаўнікаў гімназіі. Жыткаўчанка вучылася ў фізіка-матэматычным класе і профільнай педагагічнай групе. Сёння выкладае інфарматыку ва ўсіх класах Тураўскай СШ №2 – з шостага па адзінаццаты, і матэматыку – у пятым і дзявятым. Апроч таго, у яе тры факультатывы. Пры такой нагрузцы рыхтавацца да заняткаў паспявае на працы. Вольны час – для адпачынку і хобі – алмазнай вышыўкі.
– Каб заахвоціць цяперашніх «інтэрнэтных» дзяцей да вучобы, трэба старацца ісці ў нагу з сучаснымі тэхналогіямі, — разважае пра адукацыйны працэс Анастасія Андрэеўна. – Выкарыстоўваю на ўроках інтэрактыў, групавыя заданні даю. У школе добрае аснашчэнне, ёсць мультыборды, выдатны кампьютарны клас, праектары.
Станоўчыя стасункі склаліся ў нядаўняй студэнткі з калегамі. Маладому спецыялісту кампенсуюць палову кошту за арэнду кватэры. Ёсць і стымулюючыя выплаты, прадугледжаныя за розныя актыўнасці, накшталт падрыхтоўкі алімпіядніка, стварэнне розных прэзентацый ці арганізацыі конкурсаў. Адзінай праблемай для маладых спецыялістаў, асабліва на пачатку працы, па словах настаўніцы, можа стаць так званая папяровая праца, запаўненне ўсялякіх дакументаў. Падчас вучобы гэтаму мала надаюць увагі.
Фізрук і пачаткоўцы
Любоў да дзяцей Юрыю Халімончыку перадалася ад маці, выхавальніка сада, а са спортам яго пасябраваў бацька, аматар актыўнага ладу жыцця. Прафесію жыхар Верасніцы набываў у Мазырскім педагагічным універсітэце. Сваім працаўладкаваннем бліжэй да дому задаволены, як і пачаткам кар’еры.
Юрый Леанідавіч займаецца і са старэйшымі, і з малодшымі вучнямі – як кіраўнік па ваенна-патрыятычнаму выхаванню і выкладчык прадмета «Фізічная культура і здароўе» у 2-4 класах. Дзеці з першых дзён палюбілі пазітыўнага юнака. На жаль, прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва ў школе сталі рэдкасцю, а многім хлопчыкам і дзяўчынкам, асабліва з няпоўных сем’яў, не хапае мужчынскага выхавання.
– Усё склалася так, як і разлічваў, – прызнаецца малады чалавек. – З вучнямі падружыліся, у калектыве прынялі выдатна. Удзячны свайму куратару Івану Адамавічу Тачылу, які ўвёў у курс справы.
Не наракае малады чалавек і на зарплату, якая за гэты час нават трохі пацяжэла з улікам бонусаў, якія паложаны дзяржавай учарашняму студэнту. Жыве настаўнік з бацькамі, у Тураў дабіраецца на ўласным аўтамабілі, частку сродкаў за праезд выдзяляе школа. У чым складанасць педагагічнай працы? Юрый Леанідавіч лічыць: у павышанай адказнасці за дзяцей. Фізкультура ў школьным раскладзе – самая траўманебяспечная дысцыпліна. А сярод яго пачаткоўцаў шмат гіперактыўных жыўчыкаў, тут вока не звядзеш.
– Трэба ўважліва, без настаўлення слухаць дзіця, – дзеліцца ўласным прыёмам камунікацыі субяседнік. – Абмеркаванне розных тэм, апроч вучобы, часта дазваляе падабраць ключык для кантакту.
Святлана Носка, дырэктар СШ №2 г. Турава:
— Пераважная большасць нашых педагогаў – ураджэнцы раёна. Прыемна, што кадры застаюцца дома. Пашанцавала сёлета і на маладых спецыялістаў. Дужа матываваныя рабяты, з якіх, адчуваецца, вырастуць выдатныя прафесіяналы. Стараемся іх максімальна падтрымліваць і дапамагаць.