Ансамбль “Дубравіца” з Рычова, урючаны у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Паслухаўшы хоць аднойчы гэты народны калектыў, яго і з завязанымі вачыма з іншымі не пераблытаеш.
Самадзейныя артысты гучаць настолькі адметна і непаўторна, што, здаецца, пераносяць у мінулае стагоддзе, дазваляючы гледачам востра адчуць сваю прыналежнасць да этнасу, тыя карані, што нябачнымі струнамі звязваюць пакаленні.
Тое, што спецыялісты ад культуры назвалі спеўным стылем Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі, за які і ўключылі яго носьбіта, ансамбль “Дубравіца” з Рычова, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, самі яго ўдзельнікі тлумачаць проста: так, у некалькі галасоў, з падводкаю колісь спявалі іх продкі.
– Мы спецыяльна выступаем акапэльна, – падкрэслівае адзіны сярод жанок мужчына Аляксандр Бічка, якому любоў да народнай творчасці перадалася ад бацькі. – Гармонік так не вывядзе мелодыю, заглушыць тыя каленцы і пералівы галасоў, што ўпрыгожваюць нашы песні.
У рэпертуары рычоўскіх самародкаў столькі твораў, што, па іх прызнанні, хопіць выконваць без паўтору цэлы дзень. Без іх не праходзяць, зразумела, ні свае вясковыя мерапрыемствы, ні многія раённыя. Дзякуючы энтузіазму артыстаў не сышлі ў нябыт старадаўнія песні, доўгія працяглыя – пра каханне і долю, шчасце і гора, што зацягвалі ў святы і будні дзяды і прадзеды. У іх жывуць не проста словы і мелодыя, а душа народа.
– Калектыў падаўжае гады, – дзьве Валянціны – Богуш і Сімончык – кажуць, што без рэпетыцый ужо не могуць уявіць свайго жыцця. – Спевы даюць настрой. У хаце без іх не ўседзіш…
І ў доказ галасістыя рычоўцы ў яркіх, вышытых ўласнымі рукамі касцюмах лёгка зацягваюць сваю візітоўку “Каліну-маліну”. Басы і падгалоскі гарманічна зліваюцца ў адзіную шырокую плынь. Песня ляціць да самай столі, агортваючы прастору цёплай хваляй, становіцца пругка-аб’ёмістай. Слухаеш – і мурашкі бягуць па спіне!
На іх канцэртах людзі нават плачуць, успамінаючы сваіх бабуль і дзядуль, вёску, адкуль з’ехалі ў вялікія і малыя гарады. Два апошнія гады да “Дубравіцы” Нацыянальны парк “Прыпяцкі” прывозіць турыстаў, жадаючых дакрануцца да энтакультурных традыцый палешукоў. І госці заўжды ў захапленні і ад прэзентаванага абраду “Вясельны каравай”, і ад майстар-класу па народных танцах, і ад частавання вясковымі прысмакамі, і, канешне, ад песень, што бяруць, як кажуць, за жывое.
Гісторыя рычоўскага ансамбля пачалася ў 1950 годдзе, калі настаўнік мясцовай школы згуртаваў вакол сябе вясковую моладзь.
– На фестывалі ў Азяранах праз сем гадоў у яго складзе выступалі 32 дзевачкі і 14 хлопцаў, – успамінае залаты час калектыву яго старэйшая ўдзельніца і кіраўнік Ганна Бурак. – Вы ведаеце, у адрозненні ад сучасных песен, а яны таксама ёсць у нашым рэпертуары, колішнія яшчэ і выхоўвалі чалавека. Можа, таму і сталі неўміручымі.
Сёння ў складзе “Дубравіцы”, якая ў 2005 годзе стала народным калектывам, 11 дарослых – пенсіянераў і работнікаў розных арганізацый. Клапоцячыся аб пераемнасці пакаленняў, артысты прыводзяць у свае шэрагі моладзь. Па прызнанні дзевяцікласніцы Насці Кірыловіч і дзесяцігадовай Арыны Марціноўскай, фальклор ніколі не выйдзе з моды.
Святлана Шакалян
Фота аўтара