Час збіраць партфелі. Паглядзелі, чым гандлюе гарадскі рынак у Жыткавічах
Усе дарогі тых, у каго ёсць дзеці, зараз вядуць на школьныя базары. Паглядзелі, чым гандлюе гарадскі рынак у Жыткавічах.
Да 1 верасня застаецца не так шмат часу, і бацькі імкнуцца на пошукі ўсяго неабходнага для пачатку заняткаў. Нядзеля. 10 гадзін раніцы. Прылаўкі стракацяць рознакаляровасцю канцылярыі, на вешалках – шэрагі строгіх блузак, жакетаў, штаноў і спадніц, у ралетах – гірлянды рукзакоў. На першы погляд асартымент неблагі. Яшчэ не надта шматлюдна. Ля адной палаткі з ручкамі-альбомамі і іншымі прыладамі, звяраючыся са спісам, жанчына пералічвае прадаўцу набор патрэбных рэчаў. Каля другой заўважаю ўжо разлічыўшыхся пакупнікоў.
– Набралі на паўсотні рублёў, у тым ліку дзённік новага ўзору. Толькі сшыткаў па беларускай мове пакуль не знайшлі, – Алена Аляксандраўна прыехала на кірмаш з дачкой-васьмікласніцай Браніслаўскай школы Палінай і пляменніцай Марыянай. – З леташняга хіба што партфель застаўся. Яшчэ форма патрэбна, абутак. У якую суму абыйдуцца зборы, не падлічвала. Галоўнае, каб маёй вучаніцы спадабалася і рэчы былі больш-менш якаснымі.
Па інфармацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, набор пісьмовых і канцылярскіх прылад для беларускіх младшакласнікаў сёлета у сярэднім абыйдзецца ў суму да 270 руб., для старэйшых вучняў – да 260 руб. Арыентыровачны кошт адзення дзелавога стылю і абутку для аднаго дзіцяці складае ад 120 да 620 рублёў.
– Цана школьнай формы для хлопчыкаў і дзяўчынак прыкладна аднолькавая, – дэманструе свой тавар індывідуальны прадпрымальнік Алена Грамадская. – Лічыце: кашуля для пачаткоўцаў – 35 рублёў, жылет – 25 і штаны – 45. З уласнага вопыту скажу, што галоўная задача для многіх бацькоў – укласціся ў вызначаны бюджэт, а ўжо потым звяртаецца ўвага на склад тканіны, напрыклад, ці вытворцу. А пік прадаж нязменна назіраецца пасля 20 жніўня.
– Дзеці хутка растуць, лепш апранацца перад самым пачаткам навучальнага года, – згодна з папярэднім меркаваннем і жыткаўчанка Наталля, з якой пазнаёміліся каля ралета з адзеннем, дзе яе старэйшы сын прымяраў школьныя штаны. – Не заўжды з першага разу ўдаецца знайсці патрэбны тавар, асабліва для малодшага з нестандартнай фігурай. Вымушаны часта ездзіць у іншыя гарады за формай, а вось канцыляркі і ў нас хапае.
Сямікласніку Сяргею і Раману, які пойдзе ў чацвёрты класс, напярэдадні нашай размовы купілі рукзакі. Абодва хлопцы выбралі сціплыя варыянты партфеляў, паведаміўшы, што любяць такія ж лаканічныя, без малюнкаў і яркага дызайну пісьмовыя прылады і сшыткі.
У кожнай сям’і, як кажуць, свае лайфхакі. Ведаю бацькоў, якія камплектуюць партфелі ўласных вучняў ледзь не з мая. Іншыя, перш чым адправіцца за пакупкамі, параўноўваюць кошты на розных пляцоўках. Нямала жыткаўчан, эканомячы час, аддаюць перавагу інтэрнэт-магазінам. Важна, што дэфіцыту на ўсё неабходнае да паходу ў краіну ведаў даўно няма.
У аддзеле эканомікі райвыканкама расказалі, што пашыраныя продажы тавараў школьнага асартыменту на тэрыторыі рэгіёна пачаліся з апошняга тыдня ліпеня. Кірмашы кожныя выхадныя арганізаваны на рынках у Жыткавічах і Тураве, а таксама ў вызначаных для гандлю месцах – у Чырвоным і Людзяневічах. Асартымент адзення дзелавога стылю, абутку, канцылярскіх прылад, папяровай прадукцыі таксама шырока прадстаўлены ў магазінах рознай формы ўласнасці.
ПАЛІЧЫЛІ: дзённік – ад 3,5 руб.; сшытак 12 лістоў – ад 20 кап.; набор абгортак для падручнікаў – ад 5,50 руб.; гуаш – ад 5 руб.; ручка – ад 80 кап.; лінейка – ад 70 кап.
Святлана Шакалян