Сяргей Герман — бортнік з Перарова
Сяргей Герман, адзін з самых вядомых на Палессі бортнікаў, паўжыцця паклаў на тое, каб захаваць знікаючы від мясцовых дзікіх пчол. І нарэшце яго мара здзейснілася. З падачы Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, з якім актыўна супрацоўнічае наш рамеснік з Перарова, праблемай зацікавілася Акадэмія навук Беларусі. Яе спецыялісты пасля серыі даследванняў нядаўна падцвердзілі: у калодах Сяргея Арсенцьевіча сапраўды жыве тая самая ўнікальная палеская (яна ж сярэднеруская) пчала.
Мёд з борці ён пакаштаваў у маленстве. Дзед Віктар быў знатным майстрам, які ведаў усе тонкасці гэтага старажытнага салодкага промыслу. Калі ў дарослыя гады ўнук вырашыў завесці рамачны пчальнік, пасля атрымання першага ўраджаю яго чакала расчараванне. Прадукт з вулля і блізка не быў падобны на той, якім частаваў дзядуля. Жаданне, каб людзі паспрабавалі мёд яго дзяцінства, і падштурхнула Сяргея Германа да адраджэння палескай пчалы.
– Выведзеныя гібрыды, той жа бакфаст, саступаюць ёй па ўсіх параметрах, – субяседнік тлумачыць важнасць справы, якая стала не толькі сямейным бізнесам, а і сэнсам жыцця. – Наша парода больш вынослівая, бо ў калодах не прымяняецца ніякая хімія, яны жывуць без умяшальніцтва чалавека, спрацоўвае натуральны адбор. А вы ведалі, што пчолы з борцей збіраюць нектар не з кожнай кветкі, як “дамашнія”, а толькі з тых, што вякамі тут раслі. Можа, таму і смак такога мёду, і яго карысць унікальныя. Па свайму складу ён набліжаны да эталонных відаў, якімі лічыцца алтайскі і башкірскі.
Сёння ў балоцістай мясцовасці, на лоне першазданнай прыроды, дзе практычна не ступае нага чалавека, Сяргей Арсенцьевіч трымае на дрэвах каля сотні калод. Сярод уласнавырабленых засталіся яшчэ векавыя дзедавы. Паралельна ён завёў і традыцыйны пчальнік, дзе таксама прытрымліваецца колішніх тэхналогій. Бацькава майстэрства пераймае сын Аляксандр, які сёлета скончыў Хлупінскую дзевяцігодку. Да справы далучаны і абедзве дачкі з жонкаю.
Дзікі мёд Германа згодна з аналізам сертыфікаванай лабараторыі ўтрымлівае 24-26 розных кампанентаў, гэта практычна лякарства. Чаму ж, не зважаючы на акрэсленыя выгоды прыроднага пчалярства, у нашага палешука няма паслядоўнікаў? Адказ просты – такая справа нерэнтабельная. Атрымаць, а значыць і прадаць, больш салодкага тавару дазваляюць скрыжаваныя пчолы, а не дзікія.
– Сотня вулляў за лета дасць чатыры тоны мёду, а з такой жа колькасці борцяў возьмеш усяго паўтары, – дае расклад Сяргей Арсенцьевіч. – Справа ў тым, што калоды, у адрозненні ад рамак, апаражняюцца толькі адзін раз за сезон. Прадукт там даспявае да патрэбнай кандыцыі і адкачваць яго можна, як рабілі нашы продкі,не раней за сярэдзіну восені.
Наш захавальнік промыслу ўпэўнены: не ўсё вымяраецца грашыма. Важна помніць, што мы пакінем нашчадкам. Падчас размовы пчаляр не хаваў задавальнення, што ягоныя высілкі нарэшце далі плён. Вопыт Сяргея Германа ўзяў на ўзбраенне Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, дзе пачалі актыўна развіваць традыцыі бортніцтва. А нядаўна некалькі сем’яў дзікіх палескіх пчол, якія суразмоўца называе “достоянием” рэспублікі, перасялілі ў Белавежскую пушчу. Так што ёсць надзея, што беларусы абавязкова пакаштуюць правільны мёд.
Святлана Шакалян
Фота з архіва
Сяргея Германа