Выстава вышыўкі жыткаўчанкі Ганны Кошман праходзіць у Жыткавіцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы
Аўтарская выстава вышыўкі жыткаўчанкі Ганны Кошман праходзіць у Жыткавіцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы. Работы пастаяннай чытачкі, ветэрана педагагічнай працы можа ўбачыць кожны.
Вышываць Ганну Апанасаўну навучыла яе класны кіраўнік. Ды не простым крыжыкам, а балгарскім. Іскра цікавасці запаліла пяцікласніцу любоўю да старажытнага рамяства на ўсё жыццё. Выйшаўшы на пенсію і пераадолеўшы чараду жыццёвых цяжкасцяў, жанчына знайшла аддушыну ў гэтай творчасці.
Сёння майстрысе па стану здароўя складана шмат часу ўдзяляць вышыўцы, таму працуе з перапынкамі. А яны ў жанчыны яшчэ больш актыўныя: хатнія клопаты і сустрэча гасцей. Звычайна за кубкам гарбаты пад вішняй любіць паказаць сяброўкам новы выраб.
Адзін ручнік робіцца да трох тыдняў. А яшчэ жыткаўчанка вяжа і вышывае гладззю. На выставе прадстаўлены абрус, які Ганна Апанасаўна стварыла ў першым “дэкрэце”, а гэта амаль 46 гадоў таму. Сярод іншых работ і белая кашуля. Яе настаўніца пачатковых класаў сама пашыла і апранала штотыдзень на ўрокі беларускай літаратуры.
Цікава, што навамодныя ўзоры з інтэрнэту Ганну Апанасаўну не прывабліваюць, а вось аднаўленне старых арнаментаў захоплівае. Як мазаіку жанчына збірала па частках старадаўнія вырабы і выводзіла малюнак, які пасля пераносіла на канву. Многія выявы, дарэчы, сімвалізуюць важныя старажытныя мерапрыемствы, да прыкладу, царкоўныя святы або пачатак жніва. Ідэі для вышыўкі Ганна Апанасаўна таксама бярэ ў выдатнай жыткавіцкай рукадзельніцы Ганны Лой, з якой і дзеліцца сваімі набыткамі. Аднойчы майстар паказала выраблены ручнік, а аказалася – гэта фіранкі, якімі ўпрыгожвалі вокны ў хатах.
— Здзіўляе, як можна было стварыць такі ўзор, калі ў хаце ні святла, ні ўмоў не мелася, але людзі рабілі такую прыгажосць, — дзеліцца эмоцыямі Ганна Апанасаўна.
Жанчына вышывае для сваякоў ручнікі на вяселлі і іншыя мерапрыемствы. Такога палескага хараства проста так у магазіне не купіш.
Выстава творчых работ Ганны Кошман працягнецца да сярэдзіны верасня.