У бярозавым краі, як у раі. Как сегодня живет деревня Березняки
Росквіт гэтай вёскі прыйшоўся на сярэдзіну мінулага стагоддзя. І хаця з тае пары насельніцтва паменела ў некалькі разоў, Беразнякі з карты раёна знікаць не збіраюцца. У гэтым запэўнілі мясцовыя жыхары, з якімі пазнаёміліся падчас нядаўняй вандроўкі ў адзін з самых аддаленых сельскіх Саветаў – Мілевіцкі.
Жылі-былі. Ёсць
Ісці па хатах выпраўляемся з Людмілай Ефімовіч, якая тут клубам 19 гадоў загадвае і за адно абавязкі старасты выконвае і старшыні ветэранскай арганізацыі.
– Старэе вёска, нічога не зробіш, – пакуль не зачынілася школа, Людміла Мікалаеўна амаль тры пяцігодкі выкладала родную мову. – Апошні вучань Беразнякоў, скончыўшы Мілевіцкую дзевяцігодку, сёлета паехаў атрымліваць прафесію. Некалі ў нас было пяць статкаў кароў, зараз ніводнай, засталося, праўда, два кані. Вуліцы гудзелі ад дзіцячых галасоў. Летам усіх карміў лес. Ягады прымалі, не ўзважваючы. За 10-літровае вядро магазіншчыца давала дзясятку, 12-літровае каштавала на рубель больш, а з горкаю выходзіла ўсе 12. Памятаю, як мы, малыя, хітрылі, перад здачай крыху патрэсвалі тару, каб выглядала больш чарніц.
Хату сваю Ефімовічы знарок будавалі з цэглы, каб на стагоддзі была і без варыянту перавозу, падобна драўлянай, на новае месца. З маладых гадоў вырашылі кінуць тут жыццёвы якар.
Да гонару месцічаў у вёсцы кожная сядзіба мае гаспадара. Пустуючыя дамы купляюць дачнікі, даглядаюць іх і гарадскія нашчадкі, каб захаваць родны куточак, дзе шчасліва жылося без цэнтральнага ацяплення, інтэрнэту і фастфуду. Да Салігорска адсюль усяго сорак кіламетраў, Жыткавічы ўдвая далей. Традыцыя Беразнякоў прыязджаць з вялікіх і малых гарадоў на Пасху, каб пакланіцца магілам продкаў. Улетку ў клубе вечарамі круцяць дыскатэкі для «канікулярных» унукаў, а зімою, вырваўшыся з далёкай цывілізацыі, больш за сотню чалавек весела сустракаюць тут Новы год. У прасторнай зале ўтульна патрэсквалі дровы ў грубцы. Людміла Мікалаеўна з прыбіральшчыцай Валянцінай Бондар у той дзень дасталі з дальняй паліцы пакункі з цацкамі і мішурой. Час упрыгожваць памяшканне і елку, пра якую дамовіліся з мясцовым лясніцтвам.
Музей і ружы
А вось і патрэбны нам адрас. Жоўценькага колеру акуратная хатка прываблівае здаля. За плотам не па-снежанску зелянеюць ружы. Можна ўявіць, якая прыгажосць тут летам. Але па-сапраўднаму здзіўляемся, пераступіўшы парог вялікага пакоя. Цэлы музей вышываных рэчаў! Ад яркіх дыванкоў на сценах, пярэстых пакрывал і навалачак вее атмасферай далёкага вясковага дзяцінства.
– На дзень глядзення хопіць, – саромеючыся журналісцкай увагі, завярае майстрыха Марыя Бондар. – А колькі яшчэ таго дабра ў шафе. Прыбягу колісь з работы, гаспадарку ўпраўлю, дзяцей пакармлю – і штопаю да ночы, такая была ахвота. На крэст не любіла, бо лічыць трэба, а гладзю добра палучалася. Толькі не модна гэта сёння…
Ледзь угаварыўшы Марыю Яфімаўну сфатаграфавацца, даведаліся пра боль жанчыны. Два гады як пайшоў з жыцця яе муж, а душэўная рана ўсё не гоіцца. Залаты быў чалавек, гаспадар, якога пашукаць, і добры бацька чатыром іх дзецям, што выраслі працавітымі і годнымі людзьмі.
У лютым 1943-га
– Ніколі не думала, што столькі пражыву, – гэта мы ўжо слухаем аповед вясковага старажыла Лізаветы Церашкевіч. Напярэдадні жанчыне, захаваўшай рухавасць і розум, споўнілася 97 гадоў. – Пры паляках (вёска да 1939 года ўваходзіла ў склад Заходняй Беларусі. – Аўт.) трудно було. За ўсё трэ плаціць. У школу я мала хадзіла, бо старэйша з васьмі дзяцей, рана стала памагаць бацькам. Толькі распісацца і ўмею.
Чорнай старонкаю ўрэзалася ў памяць бабулі вайна. Беразнякі зімою 1943-га напаткаў лёс Хатыні. За двое сутак партызаны папярэдзілі: «Людзі, уцякайце!». Хто мог, падаўся ў лес. Стрэчанне выдалася марозным. На досвітку 15 лютага пачалася карная аперацыя. Вяскоўцаў сагналі ў тры хлявы і падпалілі. Фашысцкія вырадкі кідалі факелы ў кожны дом. Хутка над вуліцамі ўзняўся чорны дым, на ўсё сяло ацалелі толькі дзве пабудовы. У пякельным агні абарвалася 221 жыццё. Ахвярамі генацыду стала палова жыхароў. Тыя месцы трагедыі сёння пазначаны невялікімі абяліскамі.
Лізавета Пятроўна, аб якой паважліва клапоціцца сын Адам, прызналася, што сакрэт яе даўгалецця ў нястомнай працы. Яшчэ восенню корпалася ў агародзе. А падлеткам (сям’я рана засталася без бацькі) зведала, як нароўні з дарослымі касіць і араць. Сама будавала хату, падымала двух хлопцаў, не тоячы крыўды на іх бацьку, які не стаў сужэнцам. Вайна выбіла шмат мужчын, а ўдовам і дзеўкам так хацелася мацярынскага шчасця.
Венікам па «почках»
Бярозы, што далі назву вёсцы, і прырода наогул, да сённяшняга дня застаюцца крыніцай дабрабыту тых, хто не лянуецца працаваць. Міхаіл Нікановіч – адзін з такіх, вобразна кажучы, пчолак. Лісічкі і ягады, бярозавыя пупышкі і такія ж венікі. Круглы год гэты чалавек пры справе.
– За два рэйсы па дубцы на высечаную дзялянку выходзіць больш за сотню мётлаў, – негаваркі мужчына выносіць з сенцаў свой тавар. – Грошы? Жыць можна…
Даведаліся, што кошт танейшага веніка – 30 капеек, больш тоўстага – 70. Камерсант, што робіць заказы гэтаму чалавеку, вязе венікі ў Мінск на прадпрыемствы.
Па збору журавін, кажуць, Мішу таксама няма роўных. У любы год ён з ураджаем, што вымяраецца мяхамі. У сухое лета знойдзе ягады ў нізінцы, мокрае аддзячыць высокім балотам.
Тэму прырабаткаў працягнулі ў мясцовым магазіне. Сорак гадоў тут за прылаўкам Валерый Прышчык. Жыве ён у суседніх Мілевічах, і як многія беразняцкія сем’і робіць бізнес на «гарбузіках». Скупшчыкі белых семак на месцы плацяць 8-10 рублёў за кіло, а на кірмашах прадаць іх можна і па 15. За сезон самыя ўвішныя месцічы здаюць 300 і больш кг. Зразумела, што, каб зарабіць такую капейку, трэба і пастарацца.
– Сёлета на пагоду пашанцавала, – у чаканні хлебнай машыны Якаўлевіч дзеліцца нарыхтоўчай тэхналогіяй. – Увесь кастрычнік яшчэ можна было ў двары расцілаць плёнку, каб гарбузікі абчахлі перад сушкаю на печы.
Лепш куточка не знайсці
На развітанне зазірнулі да старых знаёмых. З парай аптымістаў-энерджайзераў Міхалковічаў журналісцкі лёс звёў 10 гадоў таму. Міхаіл і Галіна па-ранейшаму застаюцца такімі ж шчырымі патрыётамі Беразнякоў. Вераць у шчаслівую будучыню вёскі, з энтузіязмам добраўпарадкуюць сваю сядзібу, удзельнічаюць у грамадскім жыцці населенага пункта.
– Столькі коні не жывуць, колькі мы з маёю любай жонкаю разам, – па звычцы не абыходзіцца без жартаў Міхаіл Уладзіміравіч, гасцінна запрашаючы нашу кампанію на выпадковы абед. – Лепшага месца для мяне няма на свеце. Свае людзі тут, родная зямля, работа ёсць.
Дарэчы, пра апошнюю акалічнасць трэба сказаць асобна. Да мінулай вясны на сужэнцах трымаўся беразняцкі таварны комплекс ААТ «Людзяневічы». Пасля таго, як адсюль вывезлі жывёлу, Міхалковічы без справы не засталіся. Галаву сямейства запрасіў на працу Міхаіл Шруб. Яго сялянская гаспадарка прырасла тут землямі і кіраўніку патрабаваўся чалавек са светлай галавой і ўмелымі рукамі, які б руліў на месцы працэсам нарыхтоўкі травяністых кармоў. А Галіна Іванаўна, якая за свой век змяніла некалькі прафесій – настаўніка, жывёлавода, нават трактарыста і асемянатара, – на пятым дзясятку паспяхова авалодала новай спецыяльнасцю. Бухгалтара Беразняцкага лясніцтва ставяць у прыклад іншым калегам.
Падсілкаваўшыся ў гэтых добразычлівых людзей баршчом і жыццёвай энергіяй, у добрым настроі мы рушылі назад. К вечару Беразнякі заціхнуць, жыхары, рыхтуючыся да сну, зачыняць дзверы, нават сабакі перастануць брахаць. А заўтра будзе новы дзень і новыя падзеі. Вёска жыве…
Толькі факты
√ Беразнякі ў пісьмовых крыніцах згадваюцца з ХVI стагоддзя.
√ У вёсцы зараз 109 чалавек, пятая частка – працаздольнага ўзросту.
√ З інфраструктуры маецца магазін спажыўкааперацыі, ФАП, клуб-бібліятэка, лясніцтва. Двойчы на тыдзень ходзіць рэйсавы аўтобус.
√ Топ мясцовых прозвішчаў складаюць Нікановічы, Басарановічы, Царыкевічы. Ідэнтыфікацыі па вясковай завядзёнцы дапамагаюць мянушкі. Тут, да прыкладу, жывуць Сойка, Белы, Барабон, Гваздзіцкі.
√ У Беларусі налічваецца восем вёсак з назвай Беразнякі, у тым ліку тры – на Гомельшчыне. Прымячальна, што жыхары нашага населенага пункта называюць яго БярЭзнікі.
Святлана Шакалян