Чалавек гуманнай прафесіі

Крыху больш за пятнаццаць гадоў таму назад прыехаў з далёкага Гродна працаваць участковым урачом у Людзяневіцкую амбулаторыю Эдуард Васільевіч Кацуба. Тактоўнасць, прынцыповасць, аптымізм, няўрымслівасць, натхнёнасць — вось няпоўны пералік рыс яго характару.


Гэты малады доктар адразу зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. Напачатку сваёй працы ў маладога спецыяліста былі і цяжкасці, патрэбна было набыць новае сучаснае абсталяванне для працэдурных кабінетаў, ды і рамонт самой амбулаторыі патрэбен быў. Але ж не здаўся Эдуард Васільевіч, ведаў, што ён вельмі патрэбен людзям, ды і ўвесь медыцынскі персанал аказаўся працаздольным і вельмі дружным. Праз год малады ўрач ажаніўся на прыгажуні Святлане, якая працуе побач медыцынскай сястрой.


Раней пры амбулаторыі быў і стацыянар, дзе лячыліся хворыя. У цяперашні час стацыянару няма. І Эдуарду Васільевічу прыбавілася значна больш клопату на працы. Патрэбна ж своечасова агледзець на даму і ветэранаў, і інвалідаў, і зрабіць прафілактычны агляд школьнікаў, а таксама ехаць на выклікі да цяжкахворых. Але ж калі здарыцца прыйсці да ўрача на прыём, то ля дзвярэй кабінета вялікіх чэргаў няма, урач заўсёды хворага прыме своечасова, назначыць лячэнне, а ў дадатак парадуе гумарыстычным словам. Ад гэтай увагі, здаецца, і хвароба адступае.


Пад наглядам вопытнага ўрача жыхары дванаццаці навакольных вёсак. Гэта немалая тэрыторыя і нагрузка. Нярэдка прыходзіцца затрымлівацца на рабоце.


Дома ж таксама знаходзіцца для гаспадара свая праца. Калі праязджаеш вакол сядзібы Эдуарда Васільевіча, радуе вока незвычайная прыгажосць падвор’я, якое патанае ў квецені розных фарбаў. А яшчэ тут — казачныя персанажы ёсць — два мядзведзі, па-майстэрску зробленыя з дрэва… Недарэмна ж гаспадары занялі прызавое месца на конкурсе “Лепшае падвор’е”! Заўважу яшчэ. Эдуард Васільевіч як дэпутат сельсавета шмат робіць і на гэтай ніве. Калі чалавек такой гуманнай прафесіі за дзень пачуе ад людзей дзесяткі слоў удзячнасці ў свой адрас, значыць, ён нездарма жыве на зямлі.


В.ЦЫРЫБКА, в. Дзедаўка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.