А мы масленку чакалі!
Як вядома, на мінулым тыдні пачалася Масленіца — свята сустрэчы вясны, цяпла, сонца і развітання з зімой. З даўніх часоў лічыцца, што Масленіца — гэта самае вясёлае, народнае і сытнае свята, якое доўжыцца цэлы тыдзень. Хто не ведае гэтага цудоўнага свята!? Яго адзначаюць перад Вялікім пастом, за 7 тыдняў да Вялікадня — і звычайна з блінамі, вогнішчам, гульнямі. Гэта самае вясёлае свята — провады зімы і сустрэча вясны. Вось і ў нашым райцэнтры ў нядзелю, другога сакавіка, людзі прыйшлі, каб парадавацца прыходу вясны і правесці зіму.
З пацешнымі жартамі, народнымі песнямі і танцамі на сцэну выйшлі скамарохі, дзяўчаты-салісткі і танцавальныя калектывы. А на цэнтральную плошчу горада паступова збіралася ўсё больш народу. У паветры чуўся водар бліноў, шашлыка, духмяных піражкоў. Павільёны сталі такімі ж гасціннымі як і сама Масленіца: тут была і выпечка, і бліны, і кандытарскія вырабы, рыба і юшка з яе, выстава-продаж «Бліны ды аладачкі». Акрамя таго, працаваў сельскагаспадарчы кірмаш. А акцыянернае таварыства «Жыткавічыхімсервіс» праводзіла бяспройгрышную латарэю, дзе самым лепшым прызам былі жывыя гусі ў падарункавых пакаваннях.
У гэты ж час побач праходзіла віктарына для знаўцаў і аматараў фальклорных традыцый. Жадаючым паўдзельнічаць задавалі пытанні, якія тычыліся традыцый і свята «Масленіца», за правільныя адказы яны атрымлівалі прызы. Тут жа была арганізавана і выстава дзіцячага малюнка «Бывай, Зіма! Прыходзь, Вясна!».
Работнікі культуры раёна на свяце спявалі народныя песні, танцавалі, весялілі прысутных гумарыстычнымі выступленнямі. Былі арганізаваны розныя цікавыя мерапрыемствы: канцэрт, карагоды, народныя гульні. Самым маленькім госцям таксама было дзе разгуляцца. Гульневыя пляцоўкі былі запоўнены фігурамі казачных герояў, рознакаляровымі сцяжкамі. Тут для дзяцей — і атракцыёны, і катанне на дзіцячых аўтамабілях і квадрацыклах, і батут, і многае іншае.
Як і заўсёды, галоўным пачастункам на свяце былі бліны. Яны — галоўны сімвал свята, бо менавіта пры слове «Масленіца» ў памяці кожнага паўстаюць карціны вясёлых зімовых дзён, напоўненых смехам, гамонкай і смачным пахам бліноў. Іх мясцовыя кулінары прапаноўвалі ўсім. А бліны, як сцвярджае народнае павер’е, — сімвал сонца. З’ядаючы іх, мы атрымліваем кавалачак сонечнай энергіі.
І вось прыйшоў час праводзіць зімачку-зіму — паліць чучала. Ледзь толькі кінулі запалку на дошкі, як ярка ўспыхнула полымя, якое сімвалізуе перамогу Вясны над Зімой і маразамі. Амаль усе ўдзельнікі свята сталі ў карагод вакол вогнішча. А тут знайшліся і малайцы, гатовыя адолець слуп. Адзін за адным хлопцы дабіраліся да самага верху. А ўнізе іх чакалі прызы і бурныя апладысменты балельшчыкаў і гледачоў. Крыху далей праходзілі і іншыя традыцыйныя забавы: жыткаўчане спаборнічалі ў хуткасці па скачках у мяшках, распілоўвалі бярвёны, хадзілі на драўляных хадулях, спрабавалі сябе ў дартсе. Хлопчыкі ж гулялі ў міні-футбол і спаборнічалі ў іншых спартыўных эстафетах.
У канцы мерапрыемстваў прайшлі любімыя конкурсы: «Кіданне валёнка» і «Перавярні шыну». У першым конкурсе перамогу атрымаў Стас Рудніцкі. У другім пераможцам стаў Міхаіл Карась і таксама была адзначана і ўзнагароджана прызам дарослая жанчына Галіна Найдзіна. Пераможцам конкурсаў урачыста ўручылі заслужаныя прызы.
І вось чучала дагарэла… Няхай хутчэй прыходзіць вясна-красна! Праведзенае свята з народнымі абрадамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі, вясёлымі гульнямі, песнямі, танцамі і святочнымі пачастункамі стварыла ўсім прысутным толькі добры настрой. Таму ўсе засталіся задаволенымі.