Новыя людзі новага года

У прыемных клопатах правёў калектыў акушэрскага аддзялення Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы апошні дзень прайшоўшага года і першы новага. Трыццаць першага снежня тут прынялі чацвёра родаў. На свет з’явіліся два хлопчыкі і столькі ж дзяўчынак. Як сцвярджаюць спецыялісты аддзялення, даўно такога не было, каб у апошні дзень адыходзячага года было адразу столькі нараджэнняў.


І першага студзеня 2010-га, персаналу акушэрскага аддзяленя было не да святочных віншаванняў. Яны былі заняты працай. Плён гэтых старанняў — а дваццаці пяці хвілін першай гадзіны ночы з’явіўся першы чалавек новага года ў нашым раёне. У Галіны Хаміцэвіч, жыхаркі вёскі Відошын, нарадзіўся хлопчык. Яго вага тры кілаграмы чатырыста восемдзесят грамаў. Гэта ўдвая прыемная падзея для жанчыны, бо яна сама ў гэты дзень адзначыла сваё нараджэнне. Маці вельмі радая, што яе сын нарадзіўся здаровым і спадзяецца, што стане для яе надзейным памочнікам. Дарэчы, гэта другое дзіця ў Галіны Леанідаўны.


У гэты ж дзень стала маці і жыткаўчанка Наталля Марціноўская. У яе ў 23 гадзіны 40 хвілін нарадзілася дзяўчынка вагой 2 кілаграмы 320 грамаў. Гэта першае дзіця ў Наталлі Вячаславаўны, якая працуе інспектарам па кадрах у КСУПе “Людзяневічы”.


Усяго ж за мінулы год у акушэрскім аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы нарадзілася 230 дзяцей: 125 хлопчыкаў і 105 дзяўчынак. Гэта на тры больш чым за папярэдні год. Сёлета ўзяты нядрэнны “старт” па нараджальнасці, будзем спадзявацца, што гэтая добрая тэндэнцыя захаваецца да канца 2010 года.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.