Што на “трасах урадлівасці”?

Падпісваючы дакумент, галоўны аграном КСУПа “Марохараўскі” Уладзімір Карась у голас выказваў незадавальненне выстаўленай гаспадарцы раённым аграхімсервісам аплатай за паслугі пагрузчыка.


— Гэта ж трэба, за дваццаць чатыры гадзіны работы трактара аж паўтара мільёна налічылі, — абураўся спецыяліст. — Яшчэ ж і на нашай салярцы працавалі. Вось гэта партнёры.


Звяртацца за дапамогай у аграхімсервіс вымусілі абставіны. Свае пагрузчыкі абламаліся, а з памяшканняў ферм, што ў Пухавічах, патрэбна было неадкладна вычысціць гной. Дарэчы, паломка ўласных пагрузчыкаў на цяперашні час не дазваляе гаспадарцы як след заняцца назапашваннем арганікі. Яе пад сяўбу яравых патрэбна сельгаспрадпрыемству мець дваццаць тысяч тон.


— Хаця план і павялічылі нам у параўнанні з мінулым годам, але справімся, — гаворыць галоўны аграном. — У гаспадарцы на многіх фермах жывёла ўтрымліваецца на мяккай саламяннай падсцілцы, таму гною будзе дастаткова. Ужо назапашана амаль сямнаццаць тысяч тон арганікі, дванаццаць тысяч восенню вывезлі на палеткі. Возім і зараз, праблема з-за адсутнасці пагрузчыка з буртоўкай гною на палях.


Што праблема гэтая стаіць для сельгаспрадпрыемства вельмі востра, бачыш, праязджаючы праз мясцовыя палеткі. На іх параскіданы, прысыпаныя снегам, ператвораныя марозам у глыбы лёду кучкі гною. Зразумела, што такая арганіка, асабліва вывезеная ў вадкім стане, ужо не мае той каштоўнасці па прычыне страты сваіх пажыўных рэчываў.


— Працаваць з вадкімі арганічнымі ўгнаеннямі намнога складаней. Гэта не з гноем з саломы, які вывез на палетак, збуртаваў і да вясны забыўся на яго, — зазначае Уладзімір Карась. — З іх бы адразу кампост рыхтаваць, але няма ні торфу, ні сапрапеляў, каб выконваць гэтую работу. Чакаем, што падвязуць.


Спецыяліст гаспадаркі цвёрда перакананы ў высокай каштоўнасці арганічных угнаенняў. І танней яны намнога за мінеральныя. Па яго словах, у апошнія гады не ўдаецца спрацаваць з ёю, як гэта патрабуе тэхналогія. Замінаюць вывазцы то недахоп тэхнікі, то адсутнасць паліва, то пагодныя ўмовы, то іншыя больш пільныя работы. У выніку атрымалася, што пад зяблівае ворыва ў гаспадарцы ўнесена зусім мізэрная доза арганічных угнаенняў. Ці не гэта адна з прычын цяперашняй невысокай аддачы мясцовых палеткаў? Уладзімір Карась добра памятае, калі ў савецкія часы іхні калгас завозіў для прыгатавання кампостаў па дзесяць тысяч тон торфу. Цяпер жа такая колькасць сапрапеляў прадугледжана на ўвесь раён. Зразумела, што не шмат прыгатуеш якасных угнаенняў.


У асноўным арганіка ў сельгаспрадпрыемстве будзе ўносіцца вясной на палеткі пад кукурузу і бульбу. Магчымасці для гэтага ёсць. Чатыры наяўныя машыны для раскідвання гэтых угнаенняў ужо падрыхтаваны. Плануюць і свой механізаваны атрад стварыць, каб уся назапашаная за зіму арганіка была выкарыстана па прызначэнню – для павышэння ўрадлівасці зямлі. Нездарма ў народзе кажуць, што зямля – талерка, колькі ў яе пакладзеш столькі і возьмеш. У народных прымаўках і належная пашана гною аддадзена, што возу з ім і вяселлі, і карэты дарогу саступаюць. У наш час, як бачна, “на трасах урадлівасці” пакуль не ўсё ў парадку. І гэта характэрна не толькі для КСУПа “Марохараўскі”, але і іншых гаспадарак. Аб чым засведчыла ў сваім каментарыі вядучы аграхімік Гомельскай праектна-вышукальнай станцыі хімізацыі Валянціна Самайловіч:


– Сто семдзесят тысяч тон арганікі гаспадаркам раёна патрэбна ўнесці пад сяўбу яравых культур. На жаль, працуем з гэтымі ўгнаеннямі вельмі дрэнна. Зусім мала ўнесена іх пад зяблівае ворыва. Ды і зараз парушаецца тэхналогія назапашвання арганікі. Яны не буртуюцца, а проста вывальваюцца на палі. Слаба вядзецца работа і па прыгатаванню кампостаў. Прычына гэтага – адсутнасць сапрапеляў. Як вядома, на іх грошы выдзяляюцца з бюджэту. У бліжэйшы час яны паступяць. Адразу аграхімсервіс пачне развозіць неабходны і важны кампанент для прыгатавання кампостаў па гаспадарках. Хаця зазначу, што ў сельгаспрадпрыемствах вельмі слаба скарыстоўваюць уласныя магчымасці для назапашвання якаснай арганікі – вадкія ўгнаенні, каб яны не трацілі сваёй каштоўнасці, можна перамешваць з цвёрдымі і так буртаваць. Але у гаспадарках спасылаюцца на недахоп паліва і няспраўнасць тэхнікі. Таму на месцах патрэбна прыняць неабходныя захады, каб выправіць кепскае становішча па назапашванню арганічных угнаенняў .


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.