А дзе ж тая крынічанька?

DSC09848Добрыя народныя святы, традыцыі жывуць і перадаюць сваю эстафету новым пакаленням: нядаўна ў ціхім, прыгожым гарадскім пасёлку Лельчыцы быў праведзены рэгіянальны фестываль пасеннага мастацтва “Гэты дзіўны спеў – з глыбінь народных” на прыз мастацкага кіраўніка Нацыянальнага Акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара, народнага артыста Рэспублікі Беларусь М. Дрынеўскага. У гэтым важным мерапрыемстве, якое праводзіцца адзін раз у тры гады, прынялі ўдзел 23 аматарскія калектывы і 16 асобных выканаўцаў з 9 раёнаў Гомельскай вобласці. Жыткаўшчыну прадстаўлялі тры калектывы.
Галоўныя задачы рэгіянальнага фестывалю – развіццё і прапаганда беларускай культуры, далучэнне да шматвяковых традыцый народнай мастацкай творчасці, развіццё творчых здольнасцей і павышэнне ўзроўню выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, аднаўленне і пераемнасць мастацкай рэгіянальнай народнай песеннай творчасці, узбагачэнне рэпертуару самадзейных мастацкіх калектываў лепшымі творамі беларускага песеннага мастацтва.
Конкурсная праграма калектываў складалася з двух рознахарактарных твораў, асобныя выканаўцы павінны былі прадстаўляць адзін твор з музычным суправаджэннем ці без яго (на выбар). У праграму неабходна было ўключыць беларускія народныя песні без апрацоўкі ці ў апрацоўцы беларускіх аўтараў, песні рэгіянальнага паходжання, скіраваныя на раскрыццё мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці. Выступленні ўдзельнікаў фестывалю ажыццяўляліся пад акампанемент музычных інструментаў у жывым гучанні.
Наш раён на фестывалі прадстаўлялі народны фальклорны ансамбль “Стрэчанне” Грабаўскага сельскага дома народных традыцый, народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Лянок” Буразьскага сельскага клуба фальклору і народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Міжрэчча” Пагосцкага клуба-бібліятэкі. А конкурсныя выступленні ацэньваліся журы па такіх крытэрыях як узровень выканаўчага майстэрства, сцэнічная культура, адметнасць і каштоўнасць рэпертуару, захаванне традыцый і асаблівасцяў выканання твораў, якія бытуюць у мясцовым рэгіёне.
Пераможцы фестывалю вызна-чаліся асобна сярод калектываў з найменнем “народны”, салістаў па намінацыях “Фальклорныя калектывы” і “Асобныя выканаўцы”. Праграма мерапрыемстваў складалася з касцюміраванага шэсця, падчас якога калектывы прэзентавалі сваю “візітоўку” конкурсных выступленняў.
У выкананні нашых калектываў спадабаліся шматлікім слухачам беларускія народныя песні “Ой, у полі дзве таполі”, “Салавей у садзе спявае”, “Любая Алёна” і многія другія. Званне дыпламанта з уручэннем дыплома 2 ступені і каштоўнага падарунка атрымаў гурт “Міжрэчча” Пагосцкага клуба-бібліятэкі (мастацкі кіраўнік Наталля Марозава), званне дыпламанта з уручэннем дыплома 3 ступені і каштоўнага падарунка – ансамбль “Стрэчанне” Грабаўскага дома народных традыцый (мастацкі кіраўнік Марыя Малькевіч).
Граматамі фестывалю і букетамі былі ўзнагароджаны салістка ансамбля “Стрэчанне” Марыя Малькевіч і ансамбль “Лянок” Буразьскага сельскага клуба фальклору (мастацкі кіраўнік Валянціна Дарошка). У намінацыі “Асобныя выканаўцы” званне дыпламанта з уручэннем дыплома 3 ступені, каштоўнага падарунка і букета кветак атрымала салістка гурта “Лянок” Кацярына Блоцкая.
Узнагароды ўручыў старшыня журы Міхаіл Дрынеўскі.
Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.