Не кожнаму давераць вёску…
Ад Жыткавіч да Беразіны, як кажуць, рукой падаць, не паспееш удосталь налюбавацца пералескамі ды бліскучымі ад снегу і сонца палеткамі, як трэба ўжо збочваць направа, дзе побач з шасейкаю своеасаблівай падковаю (няхай будзе на шчасце!) выгнулася, можна сказаць, у адну вуліцу вёска. Раней на павароце стаяла ўказальная шыльда, а зараз пры ўездзе як месціча, так і заезджага чалавека прыемна лашчыць вока з густам аздоблены знак з дрэва: “Беразіна”. Нібы новы пашпарт выдалі вёсцы, свежанькі, у якім яшчэ, што называецца, і прыгожае, пералівістае чарніла не прасохла…
— Знак зроблены па ініцыятыве і з дапамогай нашай даверанай асобы Аляксандра Касцюка, адзначыў напярэдадні ў размове з намі старшыня Людзяневіцкага сельсавета Юрый Волчык.
Вось да гаспадара вёскі Аляксандра Пятровіча Касцюка мы і накіроўваемся. І сядзібу яго не ўяўлялі інакшай, як тая, што ёсць на самай справе: прасторны дыхтоўны дом, абкладзены цэглаю, гаспадарчыя пабудовы з кароваю, свіннямі і курамі, уласная лазня, чатыры дзесяткі рамачных вулляў, што так хораша глядзяцца на фоне чырвонай, як вечаровае сонца, каліны, якая занявесцілася ля тына… Аляксандр Пятровіч якраз упраўляўся па гаспадарцы. Вітаемся і заходзім у цёплы дом, дзе знаёмімся з яго жонкаю Валянцінай Андрэеўнай.
Ён — карэнны жыхар Беразіны, тут жылі і працавалі яго бацька і дзед. Жыве ў бацькоўскай хаце, збудаванай яшчэ ў далёкім 1938 годзе. Тут закончыў чатыры класы школы, а атэстат сталасці атрымаў пасля вучобы ў Людзяневіцкай сярэдняй школе. Працаваў геолагам, адслужыў ў арміі, закончыў Мінскі электратэхнікум сувязі. На звыштэрміновай службе адслужыў 22 гады, сувязіст-ракетчык, ветэран Узброеных Сіл. Разам з жонкаю, вобразна кажучы, паставілі на крыло, быццам тых птушак, што вучацца лятаць, дваіх дзяцей: дачку Алену і сына Яўгенія. Маюць траіх унукаў.
Касцюкі — пенсіянеры, але больш актыўных і працаздольных людзей у Беразіне цяжка знайсці. Без працы жыць не могуць, за працай ажываюць. Есць гаспадарка, якой можна толькі пазайздросціць. Без гэтага кола абавязкаў яны не ўяўляюць жыцця, хоць спраўляцца з імі часам справа не з лёгкіх. На двары і вакол сядзібы — узорныя чысціня і парадак, сюды можна экскурсіі вадзіць, паказваць, што значыць быць гаспадарамі. Ды Аляксандру Пятровічу інакш і нельга, у яго сялібе і павінна быць усюды чыста і прыгожа, бо ён — давераная асоба сельсавета.
— На гэтай грамадскай рабоце я каля васьмі гадоў, — расказвае Аляксандр Пятровіч. — А як адмовішся, калі перажываеш за лёсы аднавяскоўцаў, штодня сутыкаешся з іхнімі надзённымі праблемамі і як ніхто іншы разумееш іх. Скажу шчыра: я неабыякавы да таго, як выглядзіць вёска, як жывуць людзі, ці зручна працуюць транспарт, крама. Галоўнае — зрабіць сваіх землякоў паўнавартаснымі саюзнікамі ва ўсіх добрых справах. Усё ж гэта мы робім для сябе, для свайго годнага жыцця.
Мінулы год для Аляксандра Пятровіча і яго аднавяскоўцаў выдаўся напружаным, але выніковым. У вёсцы, дзе ў 70 дамах жыве 155 чалавек, шмат зроблена ў справе добраўпарадкавання. У стасунках з насельніцтвам ён выйшаў на сістэмную работу і дабіўся станоўчых вынікаў. Пастараўся зрабіць дзейснымі ўсе рычагі, змяніць псіхалогію людзей у лепшы бок. Першаступенны накірунак — выхаваўчы. Улетку, скажам, калі неабходна рэгулярна абкошваць сядзібу, каб яна не зарастала травой і пустазеллем, ён першым выходзіць з касою і імкнецца нагадваць, пераконваць у гэтым другіх. Бо вядома, што і сельсаветаўскім работнікам не хочацца ісці на адміністрацыйныя меры. Гэта ж — пакаранне рублём. І большасць жыхароў сумленна даглядаюць свае сядзібы.
Што тут казаць, даверанай асобай у вёсцы быць няпроста. Нават яму, былому ваеннаслужачаму. Не сакрэт, ворагаў нажыць можна хутка. Скажы, запатрабуй з каторага — на дыбкі становіцца. Розныя людзі бываюць, як у любой сям’і, а тым больш у вёсцы. Правоў жа фактычных ён асабліва не мае і паспрабуй паўплываць на асобную катэгорыю людзей. Могуць пакрыўдаваць і ты вінаватым застанешся. Выхад у любой сітуацыі, стыль паводзін застаецца адзін: у любой добрай справе ты павінен быць запявалам, у любой рабоце першым, асабістым прыкладам заахвочваць аднавяскоўцаў. Тады беспадстаўныя крыўды мінуцца, а праўда застанецца. І людзі яшчэ раз пераканаюцца, што Аляксандр Пятровіч стараецца не дзеля ўласнай выгады, а дзеля агульнага дабрабыту. І ніякіх матэрыяльных, грашовых дывідэндаў не праследуе, маральнае заахвочванне тут цэніцца вышэй за грошы. Бо ён чалавек неабыякавы, яго хвалюе ўсё, што адбывацца ў вёсцы. І яго голас заўсёды пачуюць, калі гэта патрэбна — заўсёды падтрымаюць як свае актыўныя, ініцыятыўныя месцічы, так і прадстаўнікі ўлады “зверху”. Важна, каб стварылася пэўная сістэма работы з людзьмі, каб потым яна не знікла, а развівалася ў наступныя гады.
Карэнны жыхар вёскі Аляксандр Пятровіч Касцюк моцна стаіць на роднай зямлі сваіх продкаў, прымнажае сваёй штодзённай руплівай працай яе багацце і хараство. Ен імкнецца стварыць умовы, каб глыбінка стала прывабнай для людзей, каб вёска мела відавочны шанц на будучыню. Разам з жонкаю гарачай летняй парой яны паспяваюць і па гаспадарцы ўправіцца, і сена для кароўкі нарыхтаваць, і грыбоў-ягад з лесу прынесці. Яны з тых руплівых вяскоўцаў, якія самі пра сябе з гумарам гавораць: ды без работы ж нуда загрызе… Не цягне іх у гарадскія “джунглі” з жалеза і бетону, яечня з салам ды блінцамі смачнейшая за гарадскія марцыпаны. Бо праз такія простыя паняцці як “зямля” і “прырода” змалку выхавалася пачуццё патрыятызму, любові і павагі да радзімы, маленькай і вялікай.
С. ВЕЧАРОВЫ. Фота В. КІЖНЕВА.